Сіноптыкі: на выходных у Беларусі чакаецца да +29

01.07.2010 16:27
Архив Редакция

Паводле інфармацыі Рэспубліканскага гідраметцэнтра, цяпер надвор'е ў Беларусі вызначае халодны франтальны раздзел, які перамяшчаецца з Заходняй Еўропы. На выходных паўночныя раёны Беларусі будуць знаходзіцца пад уплывам антыцыклону з цэнтрам над Ленінградскай вобласцю Расіі, цэнтральныя і паўднёвыя — у поле паніжанага атмасфернага ціску. Слупкі тэрмометраў ў некаторых абласцях падымуцца да +29 градусаў.

«У пятніцу праз тэрыторыю Беларусі будзе праходзіць халодны атмасферны фронт з Заходняй Еўропы. Чакаецца няўстойлівае ўмерана цёплае надвор’е. Месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах навальніцы. Вецер паўночна-заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу +11..+17°С, днём +21 +27°С, месцамі па Гомельскай і Магілёўскай абласцях да +30°С», — паведамляе Белгідраметэацэнтр.

Па дадзеных сіноптыкаў, у суботу, трэцяга ліпеня, паўднёва-ўсходняя палова рэспублікі застанецца пад уплывам франтальнага раздзела, а на паўночна-заходнюю з Балтыйскага мора пачне распаўсюджвацца вобласць павышанага атмасфернага ціску.

«Па паўднёва-ўсходняй палове рэспублікі месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы. У дзённыя гадзіны магчымы навальніцы, пры навальніцах парывісты вецер. Пры паўночным умераным ветры тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе +10..+17°С, днём +22..+28°С», — гаворыцца ў паведамленні Белгідрамета.

У нядзелю, чацвертага ліпеня, сіноптыкі прагназуюць месцамі кароткачасовыя дажджы, навальніцы. «Вецер паўночна-ўсходні, усходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу +12..+18°С, днём +24..+29°С», — распавялі спецыялісты.

Как вам новость?