Сіноптыкі: пачатак восені ў Беларусі будзе халодным і дажджлівым

30.08.2010 15:59
Архив Редакция

Паводле інфармацыі Рэспубліканскага гідраметэацэнтра, у апошні дзень адыходзячага лета атмасферны ціск у Беларусі пачне падаць. Па поўдні рэспублікі пройдуць дажджы, у Берасцейскай вобласці месцамі яны будуць моцнымі. Тэмпература паветра да сярэдзіны дня складзе плюс 13-19 градусаў. Восень жа ўступіць у свае правы непагодай, распавялі сіноптыкі.

«Цэнтр паўднёвага цыклону ў першы дзень каляндарнай восені апынецца як раз над тэрыторыяй Беларусі. 1 і 2 верасня чакаюцца працяглыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Месцамі ўзмоцніцца вецер з парывамі да 15-20 метраў за секунду. Пры гэтым тэмпература паветра ў ноч на 1 верасня складзе 7-14 градусаў цяпла», — паведамляе Белгідраметэацэнтр.

У першы вераснёўскі дзень тэмпература паветра не перавысіць 10-17 градусаў цяпла. Толькі ў Гомельскай вобласці тэмпературны фон можа павысіцца да плюс 20 градусаў. У чацвер тэмпература паветра ў дзённыя гадзіны будзе вагацца ад +9 градусаў па паўночным захадзе да +16 градусаў па паўднёвым усходзе краіны. На ўсходзе Гомельскай вобласці паветра прагрэецца да 18 градусаў, расказалі сіноптыкі.

3 верасня таксама прагназуецца прахалодным днём, калі ў тылавой частцы цыыклону, што перамяшчаецца на цэнтральныя раёны еўрапейскай часткі Расіі і ў Беларусь, накіруецца халаднаватае паветра са Скандынаўскага паўвострава. «Месцамі пройдуць дажджы. Будзе дзьмуць парывісты паўночна-заходні вецер. Дзённая тэмпература не перавысіць 10-17 градусаў цяпла», — распавялі спецыялісты.

У наступныя выходныя, 4 і 5 верасня, месцамі чакаюцца кароткачасовыя дажджы. «Ночы абяцаюць быць даволі халоднымі. Тэмпература паветра панізіцца да 3-8 градусаў цяпла. У нізкіх месцах і на тарфянішчах Палесся магчымыя першыя восеньскія замаразкі да нуля — мінус 1 градуса. Днём паветра прагрэецца да плюс 13-18 градусаў», — расказалі ў Белгідрамеце.

Как вам новость?
Головоломки