Сіноптыкі прагназуюць вяртанне зімы ў бліжэйшыя дні

12.03.2010 14:43
Архив Редакция

У Рэспубліканскім гідраметцэнтры паведамілі 12 сакавіка, што ў выходныя дні над тэрыторыяй Беларусі адбудзецца змена атмасферных працэсаў. У выніку гэтага, распавялі сіноптыкі, "няўстойлівыя і халодныя паветраныя масы паўночных шырот забяспечаць у рэспубліцы зімовы характар надвор'я".

У бліжэйшыя трое сутак фармаваць пагодныя ўмовы ў нашай краіне будуць франтальныя раздзелы, якія адзін за адным ссоўваюцца з акваторыі Балтыйскага мора, перадае Белгідраметцэнтр.

 

«Тэмпературны фон, які толькі напрыканцы тыдня наблізіўся да кліматычнай нормы, ізноў апусціцца ніжэй за яе. У суботу, 13 сакавіка, на большай частцы тэрыторыі пройдзе снег, мокры снег. Вецер паўднёва-заходні, днём з пераходам на паўночна-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы -3..-8°С, пры распагоджаннях да -13°С, днём -3..+2°С», — праінфармавалі сіноптыкі.

 

«У нядзелю і панядзелак, 14-15 сакавіка, будзе хмарна з распагоджаннямі. У шматлікіх раёнах краіны чакаецца кароткачасовы снег, слабая завея. Вецер заходні, паўночна-заходні парывісты. Тэрмометры пакажуць у начныя гадзіны -5..-12°С, пры распагоджаннях да -15..-17°С; днём 14 сакавіка 0..-5°С, па паўднёвым захадзе да +2°С, 15 сакавіка 0..-7°С. Асобныя ўчасткі дарог будуць слізкімі», — гаворыцца ў паведамленні гідраметцэнтра.

Как вам новость?