Сіноптыкі: спёка ў Беларусі крыху спадзе 20 ліпеня

19.07.2010 10:13
Архив Редакция

Чакаецца, што ў аўторак 20 ліпеня на большай частцы Беларусі спёка спадзе і дзённая тэмпература складзе +23..+29°C, пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Пра гэта распавялі ў Рэспубліканскім гідраметцэнтры Беларусі.

У панядзелак, 19 ліпеня, захаваецца гарачае надвор’е, тэмпература днём +30..+34°C, па паўднёвым усходзе да +36°C. Толькі паўночны захад рэспублікі трапіць пад уплыў атмасфернага фронту, таму тэмпература там апусціцца да +24..+29 градусаў, а таксама чакаюцца дажджы рознай інтэнсіўнасці, магчымыя навальніцы, вецер пры навальніцах моцны парывісты, паведамляе Белгідраметэацэнтр.

У аўторак з поўдня Балтыкі пачне перамяшчацца свежая паветраная маса, дзякуючы чаму спёка саслабне да +23..+29 градусаў. На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Аднак у некаторых усходніх раёнах краіны надвор’е застанецца па-ранейшаму гарачым — +30..+33°C, паведамілі сіноптыкі.

Праз спёку ў Беларусі расце колькасць хворых на кішэчныя інфекцыі

Працяглае гарачае надвор’е выклікае павелічэнне колькасці выпадкаў вострых кішэчных захворванняў, расказала загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валянціна Жыхар.

Толькі за мінулы тыдзень з падазрэннямі на атручванне ў паліклінікі і лякарні Мінску звярнулася каля двухсот чалавек, палова якіх — дзеці. Але, на думку спецыялістаў, «такая хваля захворванняў — з’ява нармальная для цяперашняга спякотнага сезону», перадае Белтэлерадыёкампанія.

Для таго каб пазбегнуць кішэчных захворванняў, спецыялісты раяць быць асцярожнымі пры ўжыванні сырамалочных прадуктаў і дбайна мыць гародніну і садавіну.

Как вам новость?