Сойм Літвы прыняў рэзалюцыю па беларускай АЭС

18.03.2011 11:03
Архив Редакция

Сойм Літвы глыбока заклапочаны будаўніцтвам АЭС у Беларусі, бо зоны яе радыяцыйнага ўздзеяння могуць пакрыць тэрыторыю Літвы, у тым ліку дасягнуць Вільні і паўплываць на басейн ракі Віліі. Пра гэта гаворыцца ў прынятай 17 сакавіка рэзалюцыі Сойма аб бяспецы планаваных да будаўніцтва ў Літве і па суседстве з ёй АЭС.

Літоўскія дэпутаты запатрабавалі ад Беларусі і Расіі захавання ўсіх палажэнняў канвенцый Эспа, МАГАТЭ і іншых міжнародных прававых актаў. Яны таксама заклікалі Мінск і Маскву адказаць па сутнасці на ўсе пытанні адносна АЭС, якія цікавяць Літву, правесці публічныя слуханні ў Літве і двухбаковыя кансультацыі, перадае DELFI.

У рэзалюцыі таксама гаворыцца, што палітычная адказнасць за бяспеку АЭС кладзецца не толькі на Беларусь, але і на Расію, якая ўдзельнічае ў будаўніцтве станцыі. «Трагічныя падзеі апошніх дзён у Японіі і аварыі на АЭС, якія паследавалі за імі, яшчэ раз пацвердзілі неабходнасць паслядоўнага і няўхільнага выканання зацверджаных міжнароднымі дакументамі патрабаванняў бяспекі падчас праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі аб’ектаў атамнай энергетыкі, а таксама правядзенне перад гэтым вычарпальнай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе», — адзначылі прадстаўнікі Сойма Літвы.

Яны таксама падкрэслілі, што Літва, развіваючы праект Вісагінскай АЭС, паслядоўна прытрымліваецца палажэнняў ўсіх міжнародных канвенцый і прававых актаў, падае суседнім краінам усю неабходную інфармацыю аб рэалізацыі праекту.

Як раней паведамляў Тэлеграф, дэпутат Еўрапарламенту, член камісіі па замежных справах Вернер Шульц заклікаў Беларусь і Расію адмовіцца ад будаўніцтва беларускай АЭС. «Гэта цынічная і небяспечная саманадзейнасць. Я лічу, што ў такой трагічнай для ўсяго свету сітуацыі рабіць стаўку на атамныя электрастанцыі, дэманструючы тым самым адсутнасць усялякага здаровага розуму, проста недапушчальна», — заявіў ён.

Как вам новость?