Спецслужбы Літвы называюць падазроным арышт у Беларусі літоўскага паліцэйскага

19.08.2010 16:48
Архив Редакция

Затрыманне ў Беларусі камандзіра коннай паліцыі пры Віленскім галоўным камісарыяце Лаймонаса Банкаўскаса выклікае падазрэнне ў супрацоўнікаў спецслужбаў Літвы і ў ягоных блізкіх. Літоўскія СМІ вылучаюць сваю версію здарэння: беларускія спецслужбы падкінулі ў машыну літоўскага паліцэйскага наркотыкі, спрабуючы завербаваць яго.

Сваякі Банкаўскаса, жанатага на беларусцы, сцвярджаюць, што яго затрымалі 15 жніўня. Па словах цешчы паліцэйскага, перад сямейнай паездкай на мора Банкаўскас вырашыў купіць бензін у Беларусі, маючы намер зэканоміць 200 літаў. Яна ўпэўненая, што яго затрымалі, калі ён пакідаў Беларусь, і «нахабна» падкінулі наркотыкі, перадае БелаПАН.

Літоўскія спецслужбы здзівіла тое, якія наркотыкі былі знойдзеныя ў Банкаўскаса і іх колькасць. На думку літоўскіх аператыўнікаў, для наркамана такая колькасць занадта вялікая, а для гандляра-аптавіка гэтага мала. Акрамя таго, у Літву звычайна вязуць іншыя сінтэтычныя наркотыкі.

Затрыманы літоўскі паліцэйскі не прызнае сваёй віны

Увечары 18 жніўня з затрыманым паліцэйскім сустрэўся генеральны консул Літвы ў Горадні Рымантас Латакас. Па звестках BNS, атрыманых з дыпламатычных крыніцаў, Банкаўскас адмаўляў прад’яўленыя яму падазрэнні ў кантрабандзе наркотыкаў.

Між тым консул Літвы ў эфіры тэлеперадачы ЛТВ «Панарама» сказаў, што затрыманы паліцэйскі лічыць сябе невінаватым. «Чалавек адчувае сябе невінаватым. На яго думку, наркотыкі або, што там было, яму падсунулі. Быў такі пакецік, па яго словах. Чалавек цвёрда стаіць на сваім, лічыць, што яго падставілі», — сказаў дыпламат.

Прэзідэнт Літвы заступіўся за арыштаванага паліцэйскага

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заклікала беларускія праваахоўныя органы з разуменнем паставіцца да сітуацыі і правесці расследаванне ў сувязі з затрыманнем высокапастаўленага супрацоўніка паліцыі Вільні.

«Літва зацікаўленая як мага хутчэй атрымаць адказы ў сувязі з гэтым затрыманнем… Прэзідэнт спадзяецца, што беларускае кіраўніцтва, разумеючы сітуацыю, забяспечыць аператыўнае і аб’ектыўнае расследаванне», — сказала дарадца прэзідэнта Літвы Дайва Ульбінайтэ.
 
Грыбаўскайтэ таксама выказала надзею, што гэты інцыдэнт не нашкодзіць літоўска-беларускім адносінам.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 15 жніўня ў пункце пропуску «Каменны Лог»
беларускія памежнікі сумесна з супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі і мытні затрымалі з наркотыкамі Лаймонаса Банкаўскаса, які ўязджаў у Беларусь.

Падчас дагляду аўтамабіля літоўскага грамадзяніна пад абіўкай пярэдняга пасажырскага сядзення знайшлі невялікі пакет з наркатычным рэчывам. Па выніках экспертызы высветлілася, што гэта метамфетамін вагой 45,5 грамаў. У дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу па арт. 228 КК Беларусі (кантрабанда).

Как вам новость?
Головоломки