"Справа 19 снежня": МЗС РФ спадзяецца на справядлівасць беларускага суду

15.02.2011 12:29
Архив Редакция

Дарадца амбасады Расійскай Федэрацыі ў Мінску Вадзім Гусеў выказаў надзею, што справа грамадзян РФ Арцёма Брэуса і Івана Гапонава, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, будзе аб'ектыўна разгледжана ў беларускім судзе. "Мы спадзяемся на справядлівае рашэнне беларускага суда", — заявіў ён 14 лютага, адмовіўшыся ад іншых каментароў.

Раней дыпламат заяўляў, што амбасада Расіі ў Мінску не прымае ўдзелу ў працэсе, а інтарэсы арыштаваных расійскіх грамадзян прадстаўляюць іх адвакаты, з якімі дыпмісія падтрымлівае сувязь, перадае ІА «REGNUM-Беларусь».

Хоць ранейшыя спробы міністэрства замежных спраў Расіі вызваліць Арцёма Брэуса і Івана Гапонава не прынеслі выніку, пасольства РФ у Беларусі збіраецца працягваць працаваць у гэтым кірунку. «Мы будзем прадпрымаць магчымыя дыпламатычныя крокі. Справа знаходзіцца на асаблівым кантролі. Сітуацыю проста так «спусціць на тармазы» і «закруціць» не атрымаецца», — казаў Вадзім Гусеў.

Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў таксама заклікае беларускія ўлады вызваліць усіх затрыманых і арыштаваных па «справе 19 снежня».

Тым часам, дата судовага паседжання па справе затрыманых расійцаў, якая накіравана ў Маскоўскі суд Мінску, не вызначана, паведамляе РИА «Новости» са спасылкай на прадстаўніка мінскага гарадскога суда.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, грамадзяне Расійскай Федэрацыі Арцём Брэус і Іван Гапонаў былі затрыманыя падчас масавых дэманстрацыяў 19 снежня ў Мінску. Пасля адбыцця 10-дзённага арышту за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання» іх вызвалілі 29 снежня, аднак у той жа дзень затрымалі паўторна.

Арцёму Брэус і Івану Гапонаву 5 студзеня прад’явілі абвінавачанне ў рамках крымінальнай справы аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, якія прайшлі ў Мінску пасля выбараў прэзідэнта па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі, што прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў. Пазней затрыманым расійцам змянілі абвінавачанне, на сённяшні дзень ім інкрымінуюць толькі ўдзел у масавых беспарадках, што пагражае пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Стан здароўя Арцёма Брэуса ў СІЗА значна пагоршыўся, яму аказваюць медыцынскую дапамогу. У амбасадзе РФ заяўлялі, што беларускія спецслужбы аказвалі на Брэуса і Гапонава псіхалагічны ціск.

Как вам новость?