"Справа 19 снежня": пацярпелыя не маюць прэтэнзій да Ліхавіда (абнаўляецца)

23.03.2011 13:53
Архив Редакция

У Партызанскім судзе Мінску 23 сакавіка ў 10:00 аднавілася судовае разбіральніцтва па справе актывіста Руху "За Свабоду" 20-гадовага Мікіты Ліхавіда. Маладога чалавека абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня. Дапытаныя на дадзены момант пацярпелыя не прад'яўлялі прэтэнзій да падсуднага.

На цяперашнім пасяджэнні суда прысутнічае назіральнік ад АБСЕ, а таксама праваабаронцы Людміла Гразнова і Валянцін Стэфановіч. Пры гэтым на цяперашняе пасяджэнне прыйшло значна менш міліцыянтаў, якія выступаюць пацярпелымі ў справе, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Судовае паседжанне пачалося з допыту пацярпелага, супрацоўніка міліцыі Дзмітрыя Лявіцкага, які знаходзіўся ў ачапленні ля Дому ўрада 19 снежня і атрымаў некалькі сінякоў і ўдараў. Ён заявіў, што не лічыць, што пацярпеў непасрэдна ў выніку масавых беспарадкаў. Паводле яго слоў, ён ніколі такога не заяўляў і выказаў здагадку, што следчы сам дапісаў ў яго паказаннях той факт, што яго наўмысна ўдарылі па твары. На самай справе, па словах міліцыянта, пры «зачыстцы» плошчы на яго ўпаў калега і выпадкова ўдарыў яго па твары.

Наступны пацярпелы міліцыянт Масальскі заявіў, што мітынгоўцы ўдарылі яго па галаве, аднак, ён, як і яго калегі, не змог пацвердзіць, што абвінавачаны біў па міліцэйскіх шчытах. Не змаглі пацвердзіць гэтага і іншыя дапытаныя пацярпелыя Віталь Піліпейка, Андрэй Палавінкін.

Як раней перадаваў Тэлеграф, першае судовае слуханне па справе Мікіты Ліховіда прайшло 22 сакавіка. Абвінавачаны часткова прызнаў сваю віну, пацвердзіўшы, што падчас мітынгу 19 снежня нанёс некалькі ўдараў па драўляных загародах на ўваходзе ў Дом урада рукамі, нагамі і плячом. Малады чалавек раскайваецца ў зробленым.