"Справядлівы свет" будзе адсочваць магчымыя фальсіфікацыі на выбарах

20.09.2010 14:44
Архив Редакция

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" на будучых прэзідэнцкіх выбарах прыме актыўны ўдзел у назіранні за ходам выбараў і будзе адсочваць магчымыя фальсіфікацыі іх вынікаў. Пра гэта 19 верасня заявіў лідар партыі Сяргей Калякін.

Палітык паведаміў, што партыя пачынае праводзіць кампанію «Справядлівыя выбары». «Мы накіруем свае рэсурсы на тое, каб сумесна з іншымі партыямі і грамадскімі арганізацыямі мабілізаваць актыўных і неабыякавых грамадзян на тое, каб яны прынялі актыўны ўдзел у назіранні за выбарамі. Яны павінны самі прыняць удзел у кантролі за падлікам галасоў і спыненні спробаў фальсіфікацыі выбараў», — растлумачыў Сяргей Калякін.

Па словах палітыка, у выніку партыя атрымае сістэматызаваную факталагічную базу аб магчымых фальсіфікацыях падчас выбараў, перадае БелаПАН. «Калі такія фальсіфікацыі будуць маштабнымі, гэтая база паслужыць падставай для непрызнання вынікаў выбараў як на міжнародным узроўні, так і ўнутры краіны», — растлумачыў Сяргей Калякін.

Першым крокам у рамках кампаніі «Справядлівыя выбары», па словах лідара партыі, стане зварот у Цэнтральную выбарчую камісію з патрабаваннем растлумачыць шэраг нарматыўных актаў беларускага заканадаўства. «Мэтай гэтага звароту з’яўляецца тое, каб назіральнікаў рэальна дапусцілі да працэдуры падліку галасоў. Для гэтага не трэба нават мяняць заканадаўства, патрэбна толькі палітычная воля. І ў залежнасці ад таго, які адказ мы атрымаем, гэта будзе «лакмусавай паперкай» таго, да чаго рыхтуецца ЦВК: да правядзення выбараў ці да маштабных фальсіфікацый», — сказаў Калякін.

Калякін: вылучаць свайго кандыдата няма сэнсу

Лідар партыі таксама паведаміў, што партыя не будзе вылучаць свайго кандыдата на пасаду прэзідэнта. «На нашу думку, гэта не мае сэнсу. Гэта мела б сэнс у тым выпадку, калі б апазіцыя на выбарах мела адзіную стратэгію, адзіную тактыку і, як следства, адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Зараз нічога гэтага няма. Больш таго, няма адзінага бачання развіцця сітуацыі ў краіне ні падчас выбараў, ні пасля іх. Многія прэтэндэнты ў прэзідэнты ўдзельнічаюць у гонцы па прынцыпе «не дагонім, дык сагрэемся», таму падтрымліваць каго-небудзь з кандыдатаў мы не збіраемся», — сказаў Сяргей Калякін.

Тым не менш, па словах палітыка, члены партыі «Справядлівы свет» змогуць працаваць у камандах таго ці іншага прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Как вам новость?
Головоломки