"Справядлівы свет" не будзе вылучаць свайго кандыдата ў прэзідэнты

20.09.2010 11:31
Архив Редакция

Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" не будзе вылучаць свайго кандыдата на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Такое рашэнне ўдзельнікі пленуму цэнтральнага камітэту партыі патлумачылі тым, што "дэмакратычным сілам не ўдалося вызначыць адзінага кандыдата" і дамовіцца "аб адзінай стратэгіі барацьбы за перамогу ў ходзе будучых прэзідэнцкіх выбараў".

«Адсутнасць адзінай стратэгіі і тактыкі робіць абсалютна бессэнсоўным пытанне аб тым, колькі будзе вылучана кандыдатаў: два, тры, дзесяць ці ні аднаго. Неразумна ў гэтай сітуацыі прымаць удзел у кампаніі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты па прынцыпе «Не дагонім, хоць сагрэемся», — пракаментаваў гэтае рашэнне лідар «Справядлівага свету» Сяргей Калякін, перадае сайт АДС.

Разам з тым, партыя левых не мае намеру самаўхіляюцца ад выбараў. «У існых умовах партыя «Справядлівы свет» накіруе наяўныя ў яе распараджэнні інтэлектуальныя, людскія і іншыя рэсурсы на правядзенне сумесна з іншымі зацікаўленымі арганізацыямі кампаніі «Справядлівыя выбары», — гаворыцца ў пастанове пленуму ЦК.

У ходзе гэтай кампаніі левыя плануюць заклікаць грамадзян да ўдзелу ў выбарах у якасці членаў выбарчых камісій, назіральнікаў за ходам галасавання; выяўляць факты парушэння выбарчага заканадаўства і фальсіфікацыі вынікаў выбараў; збіраць інфармацыю аб парушэннях правоў грамадзян, факты фальсіфікацыі і даносіць гэтыя звесткі да шырокай грамадскасці.

«Выканаць пастаўленыя задачы ў рамках кампаніі «Справядлівыя выбары» можна толькі аб’яднаўшы намаганні ўсіх зацікаўленых асобаў: палітычных партый, грамадскіх арганізацый, беспартыйных грамадзянаў. У цяперашні час ужо не толькі ідуць кансультацыі на прадмет сумеснай каардынацыі дзеянняў па арганізацыі кампаніі «Справядлівыя выбары», але і праводзіцца рэальная праца», — адзначыў Сяргей Калякін.

У найбліжэйшы час, як падкрэсліў апазіцыйны палітык, будзе накіраваны «зварот у Цэнтрвыбаркам з патрабаваннем прыняць на падставе дзейнага заканадаўства нарматыўныя дакументы, якія забяспечаць назіральнікам магчымасць ажыццяўляць рэальны кантроль за падлікам галасоў».

Как вам новость?