Справу аб выбуху ў Пінску перадалі ў Генпракуратуру

03.11.2010 16:26
Архив

Генеральная пракуратура Беларусі прыняла ад пракуратуры Берасцейскай вобласці да разгляду крымінальную справу па факце выбуху на заводзе "Пінскдрэў-ДСП". Пра гэта паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генпракуратуры Пётр Кісялёў. Паводле яго слоў, брыгада следчых Генпракуратуры і спецыялісты-выбухатэхнікі МУС выязджалі на месца здарэння яшчэ 25 кастрычніка.

Яны ўдзельнічалі ва ўсіх следчых мерапрыемствах. Паводле МНС, надзвычайнае здарэнне выклікаў «выбух адкладаў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул», перадае БелаПАН.

Справа ўзбуджаная па ч. 2 арт. 302 Крымінальнага кодэксу РБ (парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбуханебяспечных прадпрыемствах або ў выбуханебяспечных цэхах альбо правілаў бяспекі выбуханебяспечнай працы).

Як раней паведамляў Тэлеграф, ахвярамі выбуху сталі 14 чалавек, яшчэ шэсць знаходзяцца ў шпіталях. У сувязі з гэтым 3 і 4 лістапада ў Берасцейскай вобласці абвясцілі Днямі смутку.