Справу Статкевіча і Вуса перадалі ў пракуратуру

30.03.2011 10:37
Архив Редакция

Следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама 29 сакавіка перадало ў пракуратуру Мінска для накіравання ў суд крымінальную справу ў дачыненні да экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса, абвінавачаных па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ("Масавыя беспарадкі"). Пра гэта паведамілі ў міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі. 

Палітыкам ставіцца ў віну арганізацыя «масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады». 
Таксама ў пракуратуру перадалі справы Аляксандра Квяткевіча, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Пазняка, Арцёма Грыбкова, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.2 ст.293 КК Беларусі («Масавыя беспарадкі») і Аляксандра Класкоўскага, які абвінавачваецца па ч.1 і ч.2 ст.293 КК Беларусі («Масавыя беспарадкі»), ст.369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і ст.382 («Самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы»). 
«Па меркаванні следства, віна названых асоб, у інкрымінаваных ім дзеяннях, цалкам даказаная атрыманымі ў ходзе расследавання крымінальнай справы паказаннямі сведак і іншых абвінавачаных, фота і відэаматэрыяламі, іншымі неабвержнымі доказамі», — адзначылі ў МУС. 
Як ужо паведамляў Тэлеграф, абвінавачванні Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Вусу прад’явілі 18 сакавіка. Апошняга, сярод іншага, абвінавачваюць у тым, што з-за акцыі апазіцыі 19 снежня цэнтральны рэстаран McDonald’s, які знаходзіцца паблізу Кастрычніцкай плошчы, дзе праводзілася частка мерапрыемства, панёс страты на суму больш за 8 млн. рублёў. Прадстаўнік сеткі рэстаранаў McDonald’s у Беларусі Артур Юран заявіў, што яго кампанія не прад’яўляла Дзмітрыю Вусу прэтэнзій за недаатрыманы прыбытак.

Как вам новость?
Головоломки