Вырашэннем спрэчак краін-членаў Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана цяпер будзе займацца Эканамічны суд Садружнасці незалежных дзяржаў. Адпаведныя змены ў пагадненне паміж СНД і Еўразійскай эканамічнай супольнасцю (ЕўрАзЭС) былі ўнесены 17 студзеня. Раней спрэчкі ў рамках Мытнага саюза вырашаліся ў судзе ЕўрАзЭС.
Згодна з падпісаным дакументам, Эканамічнаму суду СНД перадаецца права разглядаць справы аб адпаведнасці актаў органаў Мытнага саюза міжнародным дамовам, якія фармуюць прававую базу Мытнага саюза, аб аспрэчванні рашэнняў, дзеянняў або бяздзейнасці органаў Мытнага саюза.
Акрамя таго, у кампетэнцыі Эканамічнага суда СНД таксама будзе тлумачэнне міжнародных дамоваў, якія фармуюць прававую базу Мытнага саюза. Суд СНД таксама будзе займацца вырашэннем спрэчак паміж камісіяй Мытнага саюза і дзяржавамі, якія ўваходзяць у саюз, а таксама паміж дзяржавамі па выкананні імі абавязацельстваў, прынятых у рамках Мытнага саюза.
У Эканамічным судзе СНД таксама патлумачылі, што да вядзення суда пасля могуць аднесці таксама іншыя спрэчкі, вырашэнне якіх прадугледжана міжнароднымі дамовамі ў рамках ЕўрАзЭС і Мытнага саюза.
Дакумент падпісалі ў Маскве старшыня Эканамічнага суда СНД Файзуло Абдулаеў і генеральны сакратар ЕўрАзЭС Таір Мансураў.