Спробы паставак састарэлага абсталявання на тэрыторыю МС могуць пачасціцца

02.09.2010 16:04
Архив Редакция

Колькасць спробаў правезці састарэлае абсталяванне на тэрыторыю Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана можа павялічыцца. Пра гэта паведаміў 2 верасня начальнік упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Эдуард Нікіцін.

«Нас турбуе тое, што ў краінах Захаду ў сувязі з перажытым эканамічным крызісам і чаканым новым тэхналагічным рыўком сабралася нямала абсталявання, якое не адпавядае сучасным патрабаванням. Ва ўмовах Мытнага саюза несумленныя пастаўшчыкі могуць актывізавацца ў гэтым напрамку», — адзначыў Эдуард Нікіцін.

Паводле заканадаўства, дзяржзакупкі павінны рабіцца на канкурэнтнай аснове. Аднак для рэалізацыі састарэлага абсталявання злачынцы могуць ісці на розныя хітрасці: класіфікаваць дакументы, змяняць дату вытворчасці, выдаючы такім чынам старую тэхніку за новую, перадае БелТА.

Акрамя таго, МУС Беларусі не выключае што развіццё інтэграцыйных працэсаў, актываванае ўвядзеннем Мытнага саюза, пацягне стварэнне новых злачынных схем з удзелам бізнэс-структур дзвюх і больш краінаў, таму праваахоўнікі вырашаюць пытанне, як можна будзе паставіць гэтаму надзейную заслону.

Па словах Эдуарда Нікіціна, спробы нелегальных паставак састарэлага абсталявання ў Беларусі ўжо спыняліся. Патэнцыйная шкода дзяржаве ад такіх злачынных дзеянняў ацэньваецца ў мільёны даляраў. Больш за тое, па фактах падобных нелегальных паставак МУС Беларусі ўжо ўзбудзіла некалькі крымінальных спраў.

Акрамя таго, Эдуард Нікіцін паведаміў, што Беларусь вывучыла досвед арганізацыі дзяржзакупак у Казахстане і Расіі. Так, у Казахстане падобныя закупкі здзяйсняюць толькі на электронным аўкцыёне, а ў Расіі такім чынам здзяйсняецца 80% усіх дзяржзакупак. У Беларусі ў цяперашні момант рыхтуюцца дакументы, якія таксама дазволяць праводзіць электронныя аўкцыёны. Гэта дазволіць зняць многія рызыкі, а ўгоды стануць больш празрыстымі.

Как вам новость?
Головоломки