Спрошчанае перамяшчэнне з Літвой не ўвядуць да канца года

22.10.2010 13:48
Архив Редакция

Жыхары 50-кіламетровай зоны памежнай тэрыторыі паміж Літвой і Беларуссю ў 2010 годзе не змогуць скарыстацца льготным рэжымам перасячэння мяжы, аб якім 20 кастрычніка ў Мінску дамовіліся кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў дзвюх дзяржаў. Дамову павінны ратыфікаваць парламенты, але ў 2010 годзе гэтае пытанне ў Сойме Літвы, хутчэй за ўсё, абмяркоўвацца не будзе, паведамілі 21 кастрычніка ў МЗС Літвы.

Літоўскія СМІ таксама адзначаюць, што падобную дамову Беларусь таксама падпісала з Польшчай і Латвіяй, але ні адну з іх беларускі парламент пакуль не ратыфікаваў, перадае ІА «REGNUM-Беларусь».

Пагадненне дае права жыхарам памежных тэрыторый на бязвізавае перасячэнне мяжы і знаходжанне на памежнай тэрыторыі іншай дзяржавы са спецыяльнымі дазволамі на адлегласці да 50 кіламетраў ад мяжы да 90 дзён на працягу паўгода.

Дазволы тэрмінам на пяць гадоў будуць выдавацца пастаянным жыхарам памежных тэрыторый, якія праз сямейныя акалічнасці, па эканамічных прычынах і прычынах гандлю, культурных сувязяў, а таксама з іншых важных прычын плануюць часта знаходзіцца на памежнай тэрыторыі суседняй дзяржавы. Гэтыя дазволы не даюць права на працу.

Пагадненне дае права льготнага перамяшчэння 800 тыс. жыхароў Літвы, якія ўваходзяць у 50-кіламетровую зону і 600 тыс. жыхароў Беларусі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў падпісанне пагаднення «знакавай падзеяй для абедзвюх краін». «У найбліжэйшай будучыні сотні тысяч жыхароў памежжа Беларусі і Літвы атрымаюць права перасякаць дзяржаўную мяжу ў спрошчаным парадку. Актывізацыя асабістых кантактаў — важны фактар далейшага развіцця не толькі гуманітарных і эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі, але і беларуска-літоўскіх адносін у цэлым», — лічыць беларускі лідар.

Как вам новость?
Головоломки