Стаўкі па крэдытах на будаўніцтва ў правінцыі хочуць знізіць да 1%

26.11.2010 16:24
Архив Редакция

У Беларусі працэнтныя стаўкі па льготных крэдытах на будаўніцтва жылля для жыхароў малых гарадоў (з насельніцтвам да 50 тыс. чалавек) плануюць паменшыць з 5% да 1% гадавых. Таксама плануецца павялічыць тэрмін пагашэння такіх крэдытаў з 20 да 40 гадоў. Пра гэта 26 лістапада паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Віктар Бура.

Віцэ-прэм’ер паведаміў, што адпаведныя прапановы, арыентаваныя на дадатковае стымуляванне жыллёвага будаўніцтва, урад накіраваў на разгляд прэзідэнта краіны, перадае БелТА.

Акрамя таго, па словах намесніка прэм’ер-міністра, на разгляд прэзідэнту ўрад накіраваў прапанову па апераджальным ільготным крэдытаванні дзяржзаказчыкаў да фармавання арганізацыяй-забудоўшчыкам ў памеры да 50% ад каштарыснага кошту будаўніцтва з наступным пераводам доўгу на грамадзян.

Віктар Бура лічыць, што сітуацыя ў будаўнічай галіне Беларусі застаецца стабільнай, аднак захоўваюцца праблемы ў знешнеэканамічнай дзейнасці. Для дасягнення пастаўленых кіраўніком дзяржавы задач па будаўніцтве, па словах віцэ-прэм’ера, неабходна ў 2010 годзе значна павялічыць аб’ёмы па параўнанні з базай 2009 года. У гэтым Беларусі можа дапамагчы выхад на рынкі краін далёкага замежжа. Віктар Бура адзначыў, што беларускія спецыялісты актыўна асвойваюць будаўнічыя рынкі ў Венесуэле, Іраку, Туркменістане, Лівіі, Расіі.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што Беларусь нацэлена павялічыць «выніковасць будаўнічай галіны ў плане валютнай выручкі». Так, адмоўнае сальда гандлю будаўнічымі, архітэктурнымі, інжынернымі і іншымі тэхнічнымі паслугамі ў студзені — верасні 2010 года склала 39,2 млн. даляраў.

Парламент мае намер абмеркаваць законапраект аб іпатэцы да канца 2010 года

Віктар Бура таксама паведаміў, што да канца 2010 года на абмеркаванне парламенту плануецца ўнесці законапраект, які прадугледжвае стварэнне і развіццё ў Беларусі сістэмы іпатэчнага крэдытавання будаўніцтва жылля і сістэмы жыллёва-будаўнічых зберажэнняў.

«Праект закону аб сістэме жыллёвых будаўнічых зберажэнняў, які прадугледжвае актыўны ўдзел грамадзян у фармаванні сродкаў сістэмы з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі ў выглядзе жыллёвых прэмій, падрыхтаваны ва ўрадзе, прынцыпова падтрыманы кіраўніком дзяржавы і да канца года будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў», — праінфармаваў віцэ-прэм’ер.

Акрамя таго Віктар Бура адзначыў, што для стварэння ўмоваў для актывізацыі выдачы іпатэчных крэдытаў у праекце Жыллёвага кодэксу прадугледжана рэгуляванне парадку здавальнення патрабаванняў банкаў крэдытаатрымальнікамі, якія не выконваюць абавязацельствы па іпатэцы, за кошт закладзенага жылля.

Как вам новость?