Статыстыка: усё больш беларусаў едзе працаваць за мяжу

08.11.2010 11:51
Архив Редакция

Колькасць грамадзян Беларусі, якія выязджаюць на часовую працу за мяжу пры дапамозе мінскіх фірмаў, у 2010 годзе павялічылася амаль на 20%. Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінску, за студзень-верасень на часовую працу за мяжу пры пасярэдніцтве сталічных юрыдычных асобаў выехала 2,9 тыс. чалавек, што на 18,8% больш, чым за адпаведны перыяд 2009 года.

У 2010 годзе жыхары Беларусі выязджалі на часовую працу ў дзевяць краін — Бахрэйн, Германію, Латвію, Лівію, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Польшчу, Расію, ЗША, Чэхію. Найбольшая колькасць беларусаў выязджала ў Расію (1,4 тыс. чалавек) і ЗША (1,2 тыс. чалавек), перадае БелаПАН.

У Расіі 35,2% працоўных-мігрантаў з Беларусі працавалі ў якасці настаўнікаў ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне пачатковай адукацыі; 46,5% — кваліфікаваных рабочых у будаўніцтве і прамысловасці.

Паводле дадзеных, 93,4% з тых, хто выязджаў у ЗША, працавалі ў сферы абслугоўвання, гандлю і грамадскага харчавання.

Пры гэтым 68,1% ад агульнай колькасці тых, хто выехаў на часовую працу, склалі маладыя людзі ва ўзросце 18-24 гадоў — у асноўным гэта ўдзельнікі моладзевых і студэнцкіх праграмаў.

У большасці выпадкаў жыхары Беларусі выязджаюць за мяжу на сезонныя працы. Колькасць працоўных кантрактаў, заключаных на тэрмін ад аднаго да трох месяцаў, склала 63,3%, ад трох да шасці месяцаў — 15,8%.

Колькасць замежных працаўнікоў у Беларусі скарацілася на 33,3%

Колькасць замежных грамадзян, прыцягнутых на працу на падставе кантрактаў пры садзейнічанні мінскіх фірмаў, за дзевяць месяцаў склала 1,8 тыс. чалавек. У параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года іх колькасць скарацілася на 33,3%.

У Беларусь прыязджалі працоўныя-мігранты з 56 дзяржаў. 68,8% наёмных працаўнікоў прыбывала з Турцыі, Украіны, Літвы і В’етнама.

Прыток працоўнай сілы з Украіны за студзень-верасень 2010 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года вырас у 2,2 разы і склаў 500 чалавек. У той жа час колькасць тых, хто прыехаў на працу з Кітая, скарацілася ў 4,2 раза — да 70 чалавек.

У Беларусі працоўныя імігранты былі нанятыя ў асноўным у якасці кваліфікаваных працоўных будаўнічых прафесій. Высокакваліфікаваныя спецыялісты і працаўнікі адміністрацыйна-кіраўніцкага апарату камерцыйных арганізацый складаюць 23,5% ад агульнага ліку замежных грамадзян, прыцягнутых на працу ў Беларусь.

Звыш 50% працоўных-мігрантаў — асобы ва ўзросце 25-39 гадоў, 6,8% прыбылых — жанчыны. Большасць працоўных кантрактаў з імігрантамі заключаліся на перыяд ад шасці месяцаў да года.

Как вам новость?