Статкевіч апублікаваў сваю перадвыбарную праграму

29.11.2010 16:53
Архив Редакция

Кандыдат на пост прэзідэнта Беларусі, кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч апублікаваў сваю перадвыбарчую праграму. Дакумент складаецца з трох раздзелаў: "Адукаваная нацыя павінна глядзець у будучыню", "Эканоміка розуму", "Тварам да людзей".

«Праблемы нашай дзяржавы, нашы з вамі праблемы занадта відавочныя, каб іх не заўважаць. Не сакрэт, што ўлада збіраецца фальсіфікаваць гэтыя выбары, як і ўсе мінулыя. Цяперашні кіраўнік дзяржавы вельмі баіцца страціць уладу, якую ён сабе прыўлашчыў», — заявіў Мікалай Статкевіч.

«Мерапрыемства пад назвай «прэзідэнцкія выбары» скончыцца, хутчэй за ўсё, як звычайна. Дыктары абвесцяць вам узятыя з ніадкуль лічбы, якія сведчаць аб «безумоўнай падтрымцы прэзідэнта беларускім народам». Альтэрнатыўным кандыдатам адведзена роля статыстаў у гэтым спектаклі», — гаворыцца ў праграме, перадае ІА «REGNUM-Беларусь».

Статкевіч: сярэдняя адукацыя ўпала на некалькі ступеняў уніз

У першай частцы сваёй праграмы кандыдат спыняецца на рэформе адукацыі: «Рэформа сярэдняй адукацыі, якую нядаўна пачыналі цяперашнія кіраўнікі, прывяла да таго, што беларуская сярэдня адукацыя ўпала на некалькі ступеняў уніз. Яна накіравана на тое, каб думаючых, актыўных дзяцей пазбавіць магчымасці паступіць у ВНУ. У найгоршых традыцыях Савецкага Саюзу для паступлення на прэстыжныя факультэты патрэбныя рэкамендацыі мясцовых выканкамаў».

Асаблівы акцэнт Статкевіч робіць на тым, што ў выніку «рэформаў» рэзка ўзрасла колькасць самагубстваў сярод вучняў. «Чаму міністр адукацыі Радзькоў да гэтага часу займае сваю пасаду? Чаму ніхто не прыцягнуты да адказнасці за гэтыя непісьменныя эксперыменты на нашай моладзі?», — Цікавіцца кандыдат.

«Прымусовае размеркаванне выпускнікоў ВНУ павінна быць ліквідавана як форма узаконенага прыгоннага права», — дадаў Мікалай Статкевіч.

Статкевіч: кантрактная сістэма павінна быць ліквідаваная

У другім раздзеле праграмы, прысвечанай развіццю эканомікі, палітык адзначае, што цяперашняя беларуская ўлада за мінулыя гады нічога не зрабіла, каб выкарыстоўваць наяўны ў краіне патэнцыял. «За дваццаць гадоў большасць вытворчых магутнасцяў знасілася, мала надаецца ўвагі падрыхтоўцы маладой змены. Атрыманыя крэдыты і датацыі ад Расіі праядаліся і выкарыстоўваліся для прыкормкі прыдворнага бізнэсу», — гаворыцца ў праграме.

«Элементарны здаровы сэнс падказвае, што эканоміцы, прамысловасці патрэбна мадэрнізацыя. Краіне неабходны інвестыцыі, новыя тэхналогіі. Але ў каго з’явіцца жаданне ўкладваць грошы у эканоміку дзяржавы, якая заўтра можа забраць ва ўласніка ўсю ягоную маёмасць, як ужо не раз бывала?», — піша кандыдат.

«Бяспраўная залежнасць ад працадаўцы — чарговая праблема працаўнікоў бюджэтнай сферы. Пасродкам кантрактнай сістэмы людзей прымушаюць падпарадкоўвацца і паслухмяна трываць парушэнне іх права на нармальную працу і годнае жыццё», — заявіў кандыдат і падкрэсліў, што кантрактную сістэму неабходна ліквідаваць.

Статкевіч: у Беларусі мільёны забытых уладай людзей

У трэцяй частцы праграмы «Тварам да людзей» Мікалай Статкевіч супрацьпастаўляе досыць заможнай і камфортнае жыццё беларускіх чыноўнікаў і большасці простых людзей. «Па выніках сацапытанняў толькі 22% нашых грамадзян ацэньвае сваё матэрыяльнае становішча, як здавальняючае», — кажа кандыдат у прэзідэнты.

«Вы кожны дзень назіраеце высокапастаўленых чыноўнікаў. Дакладней, іх абыякавасць, хамства, дарагія машыны і ўласныя дамы за высокім плотам. Складваецца ўражанне, што гэтая каста жыве ў нейкай іншай краіне, якая існуе толькі на экране тэлевізара. У той час мільёны простых, працавітых і цярплівых беларусаў ледзь зводзяць канцы з канцамі, атрымліваюць мізэрныя заробкі і пенсіі. Мільёны забытых уладай людзей. Улада, якую яны не выбіралі», — дадаў Мікалай Статкевіч.

Как вам новость?