Статкевіч: цішыня і поўная стабільнасць бываюць толькі на могілках

12.07.2010 10:03
Архив Редакция

У дзяржаве і грамадстве павінны быць спрэчкі і дыскусіі, паколькі гэта «нармальны стан палітычнага асяроддзя». Такую заяву зрабіў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, высунуты прэтэндэнтам у прэзідэнты ад «Еўрапейскай кааліцыі». «Цішыня і поўная стабільнасць бываюць толькі на могілках», - адзначыў палітык.

На думку Мікалая Статкевіча, «далейшае замаруджванне рэформаў дэмакратызацыі краіны ў сённяшніх умовах ужо пагражае сур’ёзнымі наступствамі — поўнай стратай дзяржавы». «У першую чаргу, праз эканамічную бездапаможнасць ўрада», — заявіў ён, перадае «Обозреватель».

Лідар БСДП (НГ) лічыць, што ў Беларусі склалася «імітацыйная дэмакратыя», якая далёкая ад сапраўднай дэмакратыі. «У краіне няма права выбару! Усе партыі ствараюцца пад выбары: парламенту, прэзідэнта, лідара апазіцыі. Няма выбару — няма партыяў. А тыя арганізацыі, якія могуць так называцца, не рэгіструюцца дзяржавай», — паведаміў палітык. Таму, галоўнае, паводле Мікалая Статкевіча, — «вярнуць грамадзянам права голасу».

Статкевіч: беларусы не хочуць «уваходзіць у склад» іншай краіны

Як заявіў апазіцыйны лідар, сёння беларусы не хочуць «уваходзіць у склад» іншай краіны. І гэта добра разумее ўлада, якая была вымушаная адмовіцца ад сваіх «амбіцыйных пражэктаў», лічыць Мікалай Статкевіч.

Старшыня БСДП (НГ) заявіў, што «павінен быў прайсці час, каб беларусы самі захацелі стаць грамадзянамі суверэннай рэспублікі». «Цяпер такі час прыйшоў, і з гэтай нагоды ёсць кансэнсус у грамадстве», — лічыць палітык. Аднак, на ягоную думку, неабходна яшчэ вырашыць задачу дэмакратызацыі краіны, паколькі «толькі палітычныя і эканамічныя свабоды прывядуць Беларусь ў свет развітых краінаў».
   
Статкевіч: 10 прэтэндэнтаў у прэзідэнты мала для Беларусі

Таксама лідар БСДП (НГ) лічыць, што дзесяць прэтэндэнтаў мала для амаль дзесяцімільённага насельніцтва Беларусі. «Улада павінна бачыць, што яе ёсць каму замяніць, выбаршчыкі — што ў Беларусі нямала разумных і годных людзей», — заявіў Мікалай Статкевіч і дадаў, што, «у дэмакратычнай краіне першапачаткова «ідуць ва ўладу» ледзь не 100 прэтэндэнтаў, нават розныя гарадскія вар’яты, але па цярністай дарозе да рэгістрацыі і да выбаршчыка даходзяць нямногія». Таксама ён выказаў надзею на абранне адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Галоўным жа лозунгам сваёй выбарчай кампаніі Мікалай Статкевіч выбраў «За права выбару, за годнасць асобы». «Чаму ў нас пенсіянеры, цяжкой працай зарабіўшы пенсію, вымушаны радавацца, што ім своечасова выдаюць гэтыя капейкі?», — заявіў палітык. Ён выступіў за неабходнасць рэфармавання пенсійнай сістэмы, рэформу стратных прадпрыемстваў, якія функцыянуюць за кошт дзярждатацыяў, за свабоды для малога і сярэдняга бізнэсу — «асновы стабільнасці эканомікі дзяржавы».