Статкевіч даў адказ Лукашэнку па тэлебачанні

01.12.2010 11:26
Архив Редакция

Старшыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч, 30 лістапада ў сваім тэлезвароце звярнуўся да дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Мікалай Статкевіч завочна адказаў прэзідэнту на пытанне, чаму кандыдат удзельнічае ў выбарах, якія сам называе ілюзіяй.

Аляксандр Лукашэнка, у інтэрв’ю французскай газеце Le Figaro заявіў, што цяперашнія апазіцыйныя кандыдаты не гатовы весці перадвыбарную кампанію, бо самі лічаць яе ілюзіяй. «Калі прэзідэнцкая кампанія для іх ілюзія, то, калі ласка, у іх ёсць права не прымаць удзел у гэтай ілюзіі», — заявіў тады прэзідэнт.

Мікалай Статкевіч адказаў на гэтую заяву кіраўніка дзяржавы «ў той манеры, як ён (Аляксандр Лукашэнка — Тэлеграф) звяртаецца да нас». «Я ведаю, што ты зараз бачыш і чуеш мяне. Я ўдзельнічаю ў тваёй ілюзіі, каб ты, нарэшце, зачыніў свой тэатр «Ілюзіён» і перастаў нам паказваць свае фокусы-покусы з бюлетэнямі. Калі мільёны галасуюць «за», а атрымліваецца «супраць». У 1994 годзе бюлетэні лічылі, ты быў абраны на сумленных выбарах, і тэлебачанне ў цябе было. Вярні свабодныя выбары. Чаго ты баішся? Знойдуцца людзі, якія за цябе прагаласуюць», — заявіў Мікалай Статкевіч.

Статкевіч гарантуе Лукашэнку 25% галасоў і другі тур выбараў

«Я табе 25% і другі тур гатовы гарантаваць. Правядзі выбары сумленна. Гэта толькі ад цябе залежыць, а не ад гэтых клоўнаў з тыпу-парламенту і тыпу-ЦВК. Выйграеш сумленна — і мы прызнаем цябе прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а не самазванцам. Прайграеш сумленна — будзе ганаровая пенсія. Але, вядома, калі не будзе доказаў, што гэта ты аддаў каманду выкрасці, катаваць і забіць сваіх былых сяброў Захаранку і Ганчара. Забітыя, іх маці і дзеці таксама маюць права на справядлівасць. А можа, ты таму і за ўладу так чапляешся, што ты ў гэтым замешаны? Вярні, што скраў! Вярні нам выбары!» — падсумаваў апазіцыйны кандыдат.

Характэрна, што Мікалай Статкевіч падчас выступу не называў імя дзейнага прэзідэнта, выкарыстоўваючы замест гэтага такія словы, як «начальнік», «чалавек, які займае пасаду прэзідэнта» і таму падобнае.

Падчас свайго выступу Мікалай Статкевіч адзначыў, што сёння многія кандыдаты прапануюць добрыя, годныя праграмы, але галоўная задача выбаршчыкаў цяпер, па словах кандыдата, не ў выбары дакладнай праграмы таго ці іншага кандыдата, а ў тым, каб «выратаваць выбары».

Статкевіч: замест выбараў у Беларусі — фарс

«Як можна казаць аб выбарах, як можна вам штосьці абяцаць, калі выбараў няма, калі замест іх — фарс? Цяпер трэба казаць пра тое, як вярнуць выбары», — звярнуўся кандыдат да выбаршчыкаў. Ён чарговы раз заклікаў выбаршчыкаў не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні, бо, на яго думку, 19 снежня рыхтуецца чарговая фальсіфікацыя выбараў.

У сувязі з гэтым Мікалай Статкевіч заклікаў беларусаў 19 снежня ў 20:00 сабрацца на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Паводле яго слоў, ужо ў 20:15 ён будзе ведаць, як праходзіць папярэдні падлік галасоў, ці лічаць бюлетэні.

Мікалай Статкевіч таксама распавёў пра акцыю, што адбылася на Кастрычніцкай плошчы Мінску. Кандыдат абвінаваціў дзяржаўныя СМІ ў недакладнай падачы інфармацыі аб дадзенай акцыі. Паказаўшы фатаграфію з акцыі, кандыдат адзначыў, што ў ёй прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек, а не 150, як аб тым гаварылася ў СМІ. «Беларускае тэлебачанне карыстаецца уладай, каб вас падманваць. Вы не ведаеце сітуацыі ў краіне», — падкрэсліў кандыдат.

Как вам новость?