Статкевіч выкрыў маёра ў фальсіфікацыі рэчыўных доказаў

18.05.2011 09:27
Архив Редакция

У панядзелак, 17 траўня, падчас судовага паседжання па "справе 19 снежня", былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які з'яўляецца адным з шасці абвінавачаных, выкрыў маёра Далініна ў фальсіфікацыі рэчыўных доказаў. На думку экс-кандыдата, маёр, які праводзіў агляд плошчы Незалежнасці, у сваіх пратаколах падаваў ілжывыя звесткі.

Як перадае карэспандэнт Тэлеграфа, у матэрыялах справы ёсць два пратаколы агляду месца «масавых беспарадкаў» за подпісам маёра Далініна. Першы агляд праводзіўся непасрэдна па заканчэнні разгону мітынгу, каля 01:00 і працягваўся каля 3,5 гадзін. У ім значыцца, што падчас агляду плошчы была выяўленая адна бутэлька з жаўтаватай вадкасцю, абматаная кавалкам матэрыі. Пасля эксперты ўсталявалі, што ў бутэльцы была звычайная вада.

Пры паўторным аглядзе плошчы, які праводзіўся на працягу паўгадзіны праз 16 гадзін пасля разгону мітынгу, аператыўнікі выявілі там больш за 60 кавалкаў арматуры, дымавыя шашкі, бутэлькі з запальнай вадкасцю (так званыя «кактэйлі Молатава»).

Акрамя відавочных супярэчнасцяў у пратаколах агляду Мікалай Статкевіч звярнуў увагу суда на тое, што ў бутэльках, згодна з пратаколамі, была менавіта вадкасць. Менавіта гэтая дэталь прымусіла палітыка засумнявацца ў праўдзівасці названых звестак. Паводле афіцыйных дадзеных Гідраметэацэнтра Беларусі, у ноч з 19 на 20 снежня ў Мінску стаяў мароз у -14°С, адпаведна вада пры такой тэмпературы павінна была замерзнуць.

Па словах Мікалая Статкевіча, альбо «наша ўнікальная беларуская вада, накшталт нашай унікальнай беларускай эканомікі, не замярзае пры -14°С», альбо маёр Далінін хлусіць. Абвінавачаны перакананы, што маёр здзейсніў крымінальнае злачынства, прадугледжанае артыкулам 395 ч.2, 3 КК Беларусі, сфальсіфікаваўшы доказы па справе.

Больш за тое, Мікалай Статкевіч таксама ўзгадаў пра тое, што на відэазапісе, прагледжаным судом на папярэднім пасяджэнні, было відаць, што на плошчы не было ні арматуры, ні дымавых шашак, ні іншага, згаданага ў пратаколах агляду. «Сэнс і змест фільма вызначаецца не тым, як ён зняты, а тым, як змантажаваны», — адзначыў палітык.

Калі ж у сістэме беларускіх праваахоўных органаў распаўсюджана падобная практыка фальсіфікацый доказаў, лічыць экс-кандыдат, то і сведчанням супрацоўнікаў міліцыі, якія выступаюць на працэсе ў якасці пацярпелых і сведак, веры мала. Такім чынам, Мікалай Статкевіч паставіў пад сумнеў кваліфікацыю дадзенай справы.

«У мяне мала надзеі на тое, што мае лагічныя довады будуць прынятыя судом. У мяне няма на гэты конт ілюзіяў. Але ў заключэнне выступлення хачу сказаць высокаму суду словамі маіх сукамернікаў: у вас касяк!», — падсумаваў палітык.

Пасля гэтых слоў адзін з прысутных на працэсе запляскаў, за што суддзя запатрабавала выдаліць яго з залы суда і пасля не пускаць яго на пасяджэнне. Сыходзячы з залы, малады чалавек выгукнуў фразу: «Жыве Беларусь!», што выклікала ўсмешку на тварах абвінавачаных.

Как вам новость?
Головоломки