Статкевіч заявіў аб пераадоленні стотысячнай мяжы ў зборы подпісаў

25.10.2010 13:54
Архив Редакция

Лідар аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч паведаміў, што яго ініцыятыўная група сабрала 100 тыс. подпісаў. Гэта ўжо сёмы прэтэндэнт, які сабраў неабходную для вылучэння колькасць подпісаў. У той жа час спыняць збор подпісаў патэнцыйны кандыдат не мае намеру.

«На ўчорашні вечар (24 кастрычніка — Тэлеграф) было 100,7 тыс. подпісаў. Але гэта не ўсе дадзеныя. Некаторыя рэгіёны пакуль не даслалі справаздачы. Спыняць збор не будзем, тут шмат нюансаў ёсць. Плануем сабраць да канца тэрміну каля 110-115 тыс.», — распавёў Мікола Статкевіч.

Акрамя таго, прадпрымальнік з Мінску Дзмітры Ус таксама заявіў, што яго ініцыятыўная група сабрала неабходныя 100 тыс. подпісаў. Аднак, як паведаміў палітык, гэта пакуль толькі папярэднія падлікі, бо члены ініцыятыўнай групы пакуль трымаюць подпісы на руках, перадае «n#####n».

«Мы маем прыкладна 40 тыс. па Мінску і 60 тыс. па рэгіёнах. Але канчаткова аб сабраных 100 тыс. можна будзе казаць толькі калі пачнем здаваць подпісы», — падкрэсліў Дзмітры Ус.

Ініцыятыўная група намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва плануе сабраць 100 тыс. у панядзелак, 25 кастрычніка. На дадзены момант у патэнцыйнага кандыдата ёсць ужо 97,7 тыс. падлічаных подпісаў. «Але на гэтым не спынімся — трэба мець больш подпісаў для перастрахоўкі. Таксама плануем актывізаваць працу па сістэматызацыі сабраных подпісаў», — паведаміў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Як раней перадаваў Тэлеграф, па дадзеных на вечар 24 кастрычніка ў кампаніі «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» (БХД) за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Віталя Рымашэўскага сабрана 89,3 тыс. подпісаў. Неабходную колькасць подпісаў ініцыятыўная група плануе сабраць да серады, 27 кастрычніка.

Таксама сёння (25 кастрычніка) стала вядома аб тым, што неабходныя для рэгістрацыі 100 тыс. подпісаў сабрала ініцыятыўная група лідара саюза «За мадэрнізацыю» Алеся Міхалевіча.

Раней неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты подпісы таксама сабралі ініцыятыўныя групы дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, лідара кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука, лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава і старшыні Савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктара Цярэшчанкі.

Как вам новость?