Суб'екты гаспадарання Беларусі з 2011 года класіфікуюць па-новаму

25.11.2010 12:34
Архив

Намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітры Галухоў 24 лістапада паведаміў, што ўсе суб'екты гаспадарання краіны з 1 студзеня 2011 года пяройдуць на новы класіфікатар эканамічнай дзейнасці. «Правілы гульні змяніліся, таму Беларусь мае патрэбу ў новых механізмах кіравання эканомікай», - заявіў Дзмітры Галухоў.

«Мы зрабілі вялікую працу. Гэта можа здацца не вельмі значным, але разам з тым прынцыпова мяняецца падыход да кіравання эканомікай», — падкрэсліў намеснік міністра.

Дзмітры Галухоў падкрэсліў, што новыя падыходы знайшлі адлюстраванне ва ўказе прэзідэнта № 596, якім зацверджаны найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011 год, перадае БелТА.

Мінгарсавет пакінуў ранейшымі стаўкі зямельнага падатку

У той жа час на чарговай сесіі Мінгарсавета 24 лістапада дэпутаты зацвердзілі каэфіцыенты да ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць на 2011 год, якія застануцца ранейшымі. Начальнік фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Аляксандр Кернажыцкі растлумачыў, што ў сувязі са змяненнем падатковага заканадаўства ў 2011 годзе адмяняецца мясцовы падатак на паслугі і збор за развіццё тэрыторый. У сувязі з гэтым страты гарадскога бюджэту ў 2011 годзе прагназуюцца ў памеры больш за 350 млрд. рублёў.

Каб часткова кампенсаваць гэтыя страты і прыцягнуць у бюджэт дадатковыя сродкі, мясцовыя саветы дэпутатаў вызначаць павышальныя каэфіцыенты да ставак зямельнага падатку і падатку на нерухомасць у залежнасці ад размяшчэння зямельных участкаў і нерухомай маёмасці ў межах эканоміка-планіровачных зон горада.

Павышальныя каэфіцыенты да ставак зямельнага падатку не будуць устаноўлены таксама для арганізацый, асноўны від дзейнасці якіх адносіцца да апрацоўчай прамысловасці. Гэта дасць магчымасць пакінуць у іх распараджэнні больш за 40 млрд. рублёў.

У цэлым рэалізацыя рашэння Мінгарсавета дазволіць дадаткова прыцягнуць у бюджэт Мінску больш за 140 млрд. рублёў, у тым ліку 60 млрд. рублёў — па зямельным падатку і 80 млрд. рублёў — па падатку на нерухомасць.