Суд: адлічэнне апазіцыянеркі Шапуцькі з БДУ законнае

27.03.2010 12:29
Архив Редакция

Суд Маскоўскага раёна сталіцы не задаволіў скаргу апазіцыянеркі «Маладога фронта» Таццяны Шапуцькі на яе адлічэнне з БДУ. У рамках судовага разгляду, які прайшоў 25-26 сакавіка, суд палічыў адлічэнне актывісткі з вышэйшай навучальнай установы законным.

«Суд прызнаў усе аргументы прадстаўнікоў БДУ, а мае довады назваў непераканаўчымі. Цяпер у нас ёсць дзесяць дзён на тое, каб абскардзіць гэтае рашэнне суда ў вышэйстаячай інстанцыі. Я думаю, мы гэта будзем рабіць», — цытуе БелаПАН слова Таццяны Шапуцькі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, прэс-сакратарку «Маладога фронта» трэцяга снежня 2009 года выключылі з універсітэта пасля ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці ў рамках ініцыятывы «Усходняга Партнёрства», які праходзіў у Бруселі 16-17 лістапада 2009 года. Нягледзячы на звароты да беларускіх улад еўрапейскіх дыпламатаў, вырашыць сітуацыю на карысць студэнткі, якую вінавацілі ў прагуле заняткаў, не атрымалася.

На форуме «Усходняга партнёрства» ў Бруселі Таццяна Шапуцька прадстаўляла беларускую грамадзянскую супольнасць. Яна сустракалася з кіраўніцтвам Еўрапейскіх краін і Еўрасаюза, у тым ліку з Карлам Більтам — міністрам замежных спраў Швецыі і камісарам ЕС па вонкавых сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднэр.

Яшчэ падчас працы форума, даведаўшыся пра пагрозу адлічэння апазіцыянеркі з універсітэта, Беніта Ферэра-Вальднэр і Карл Більт, а таксама іншыя высокапастаўленыя ўдзельнікі Форума запэўнілі Таццяну Шапуцьку і ўдзельнікаў мерапрыемства ў тым, што будуць сачыць за развіццём падзей.

Как вам новость?