Суд адмовіў ПБНФ ў касацыі на рашэнне па іску аб высяленні з сядзібы

21.06.2011 16:36
Архив

Калегія гаспадарчага суду Мінску 21 чэрвеня адмовіла Партыі БНФ у здавальненні касацыйнай скаргі на рашэнне па іску ЖРЭА аб высяленні партыі з сядзібы. Пра гэта паведаміў старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч. Згодна з рашэннем суда, цяпер партыя абавязаная вызваліць офіс.

Тым не менш, кіраўнік ПБНФ лічыць законным знаходжанне партыі ў арандаваным офісе. Аляксей Янукевіч хоча абмеркаваць з прадстаўнікамі ЖРЭА новыя ўмовы арэнды сядзібы. У ліку іншага партыя гатовая плаціць за арэнду большую суму, чым раней. Аднак прадстаўнікі ЖРЭА пакуль адмаўляюцца ад перамоваў, паведамляюць «Беларускія навіны».

У сваю чаргу намеснік старшыні ПБНФ Рыгор Кастусёў праінфармаваў аб тым, што кіраўніцтва партыі прапрацоўвалі дзевяць варыянтаў арэнды або куплі новых памяшканняў пад офіс.

«Спачатку прадпрымальнікі гаварылі з намі нармальна, выказвалі гатоўнасць прадставіць у арэнду памяшкання. Аднак калі справа даходзіла да афармлення дакумента, гучалі адмовы», — адзначыў палітык.

Як перадаваў Тэлеграф, гаспадарчы суд Мінска 10 траўня прыняў рашэнне выселіць Партыю БНФ, грамадскае аб’яднанне «БНФ «Адраджэнне», а таксама іх мінскія гарадскія і абласныя структуры са сталічнага офіса па праспекце Машэрава, 8. У сувязі з гэтым кіраўніцтва партыі БНФ разглядае магчымасць пераносу сядзібы з Мінску ў іншы горад Беларусі.