Суд адмовіўся выпусціць Рымашэўскага з СІЗА КДБ

29.12.2010 09:37
Архив Редакция

У аўторак, 28 снежня, суд разгледзеў і не задаволіў скаргу адвакатаў экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віталя Рымашэўскага адносна змены яму меры стрымання на падпіску аб нявыездзе. Як указалі ў судзе, палітык застанецца за кратамі «з меркаванняў сур'ёзнасці крымінальнай справы і існавання пагрозы, што Рымашэўскі можа ўцячы».

Як адзначылі з гэтай нагоды ў прэс-службе незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», адным з лідараў якой з’яўляецца Віталь Рымашэўскі, ужо ў ноч з 29 на 30 снежня скончацца 10 сутак з моманту затрымання палітыка, на працягу якіх яму павінны высунуць афіцыйнае абвінавачанне.

«Такім чынам, альбо абвінавачанне будзе прад’яўленае і, адпаведна, зноў паўстане пытанне аб змяненні меры стрымання, альбо, калі абвінавачанне не будзе прад’яўлена, Рымашэўскі, як і іншыя затрыманыя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня, павінен быць адпушчаны», — заявілі ў БХД.

Разгляд скаргаў іншых былых кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераных асобаў і іншых зняволеных, якія знаходзяцца ў СІЗА КДБ, адвакаты якіх падалі скаргі з нагоды змены меры стрымання, будуць разгледжаны сёння і заўтра, праінфармавалі ў партыі.

Как вам новость?
Головоломки