Суд аштрафаваў Лябедзьку на 875 тыс. рублёў за акцыю ў памяць аб Захаранку

27.07.2010 17:23
Архив Редакция

Суд Кастрычніцкага раёна Мінску абавязаў Анатоля Лябедзьку выплаціць штраф у памеры 875 тыс. рублёў. Пад адміністрацыйнае пакаранне старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі падпаў за ўдзел у акцыі памяці, прымеркаванай да гадавіны знікнення Юрыя Захаранкі.

Анатоль Лябедзька лічыць рашэнне суда «незаконным і палітычна матываваным». Тым не менш, аднаго з лідараў беларускай апазіцыі афіцыйна апавясцілі аб тым, што да яго ўжывуць меры па прымусовым выкананні судовага рашэння. Судовыя выканаўцы маюць намер апісаць маёмасць палітыка, паведамляе сайт АГП.
 
«Улады спрабуюць накласці забарону на тэму выкрадзеных і забітых апанентаў улады», — пракаментаваў рашэнне суда Анатоль Лябедзька. «Вы не можаце нават прыйсці да дома, дзе жыў Юры Захаранка і пакласці там кветкі. Гэта па паняццях «суда» ёсць правапарушэнне. Абсурд! Мяне можна прымусіць плаціць незаконныя штрафы, але нельга прымусіць адмовіцца ад мэты, каб выканаўцы, арганізатары і заказчыкі выкрадання і забойства Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара сядзелі на лаве падсудных у сапраўды незалежным і непрадузятым судзе», — заявіў лідар АГП.

Как вам новость?