Суд аштрафаваў ініцыятара акцыі "Стоп-бензін"

05.05.2011 17:20
Архив Редакция

Суд Ленінскага раёну Мінску аштрафаваў 5 траўня лідара інфармацыйна-асветніцкай установы "За Аўто" Арцёма Шаркова на 30 базавых велічыняў (больш за 1 млн. рублёў) за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў ці пікетавання (артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях). Арцём Шаркоў з'яўляецца адным з арганізатараў акцыі аўтааматараў "Стоп бензін-2", якая прайшла ў Мінску.

У ходзе сённяшняга судовага разбору, які доўжыўся прыкладна 40 хвілін, суддзя Міхаіл Хома дапытаў трох сведак — знаёмага Арцёма Шаркова, аднаго з журналістаў, якія асвятлялі акцыю «Стоп бензін-2», і старшага інспектара аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РУУС Мінску. Усе яны знаходзіліся падчас акцыі на АЗС № 44, перадае БелаПАН.

Арцём Шаркоў выказаў сумнеў адносна паказанняў інспектара міліцыі з нагоды распаўсюджання ўлётак.

Пасля суда Шаркоў заўважыў, што «пры затрыманні супрацоўнікі ПМСП (падраздзяленне міліцыі спецыяльнага прызначэння — Тэлеграф) казалі, што ніякіх матэрыялаў (улётак) не было, на жаль, гэта не адлюстравана ў пратаколе затрымання 28-га». «Таму дадзеныя абвінавачанні можна лічыць надуманымі. Ёсць адчуванне, што пастанова суда была гатовая загадзя, а ўсё астатняе было шоў», — лічыць ён.

Рашэнне суда Ленінскага раёна ён мае намер абскардзіць у вышэйстаячай інстанцыі.

Як перадаваў Тэлеграф, у Беларусі 28 красавіка адбылася агульнарэспубліканская акцыя аўтааматараў супраць падвышэння коштаў на паліва «Стоп бензін — 2». Мерапрыемства стала працягам акцыі, праведзенай у чэрвені мінулага года. Аднак аўтааматары не змаглі правесці акцыю так, як планавалі: мінімальна заправіцца (не больш за два літры) і «спыніцца» на праспекце Незалежнасці.

Как вам новость?
Головоломки