Суд не выпусціў Башуру пад падпіску аб нявыездзе

12.10.2010 11:47
Архив Редакция

Актывіст грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Міхаіл Башура застанецца пад вартай. Суд Савецкага раёна Мінску 11 кастрычніка адмовіўся задаволіць хадайніцтва адвакаткі затрыманага Тамары Сідарэнкі аб змене меры стрымання на падпіску аб нявыездзе. На думку прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Някляева, дадзенае рашэнне суда з'яўляецца палітычна матываваным.

Тамара Сідарэнка лічыць, што злачынства, інкрымінаванае яе падабароннаму, не з’яўляецца цяжкім і грамадска небяспечным. Акрамя гэтага, адвакатка адзначыла, што Міхаіл Башура раней не прыцягваўся да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці і ў яго на ўтрыманні ёсць непаўнагадовая дачка, перадае БелаПАН.

Суддзя адхіліў хадайніцтва, абгрунтаваўшы гэта тым, што мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай можа не прымяняцца да падсудных, абвінавачанне якіх прадугледжвае тэрмін пазбаўлення волі да двух гадоў. Па абвінавачанні, прад’яўленым Міхаілу Башуру, артыкул 380 КК Беларусі прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Акрамя таго, суддзя прыняў да ведама довады абвінавачання пра тое, што Міхась Башура можа схавацца ад суду.

Башура: я не меў намеру да падробкі дакументаў

11 кастрычніка адбыўся допыт абвінавачанага і разгляд першага тома матэрыялаў крымінальнай справы. Міхаіл Башура сваёй віны не прызнаў. Затрыманы адзначыў, што даведку аб сваіх даходах складаў у адсутнасць на працы бухгалтара і дырэктара прыватнага ўнiтарнага выдавецкага прадпрыемства «Галіяфы», намеснікам якога ён працуе. «Дырэктар быў у ад’ездзе, бухгалтар са сваім дзіцем былі ў лякарні. Таму я спампаваў з інтэрнэту інструкцыю па разліку заработнай платы і ў адпаведнасці з гэтай інструкцыяй падрыхтаваў даведку», — сказаў Міхась Башура.

Па словах падсуднага, ён не меў ніякага намеру да падробкі дакументаў, і дадаў, што ў складзенай ім даведцы яго заработная плата была завышана: «Паміж тым, мне было б больш выгодна, каб заробак быў заніжаны, паколькі льготны крэдыт, для афармлення якога прызначалася даведка, прадстаўляецца маламаёмасным сем’ям. Нават калі б я быў беспрацоўным і ў маёй даведцы стаяў даход «0», яна бы ўсё адно была прынятая, і гэта было б больш выгодна, чым завышаць заробак», — растлумачыў Міхась Башура.

Падсудны з’яўляўся паручыцелем сваёй жонкі для атрымання крэдыту. «Як толькі мы даведаліся аб тым, што звесткі, пададзеныя ў маёй даведцы, несапраўдныя, мы адразу ж пастараліся выправіць гэтую памылку і знайшлі замест мяне іншага паручыцеля», — сказаў Міхась Башура.

Някляеў: трэба судзіць не Башуру, а рэжым

Лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў упэўнены, што справа супраць актывіста яго арганізацыі з’яўляецца палітычна матываваным.

«Башура не з’яўляецца крымінальнікам. Ён наогул не з’яўляецца злачынцам. Ён з’яўляецца актывістам кампаніі «Гавары праўду!», ён каардынатар кампаніі «Гавары праўду!» па Мінску, і менавіта за гэта яго сёння судзяць, і, хутчэй за ўсё, да чаго-небудзь прысудзяць», — лічыць Уладзімір Някляеў.

Як заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, з матэрыялаў абвінавачання вынікае, што калі Міхась Башура і падрабіў дакументы, то не на сваю карысць. «Ён завысіў ў даведцы свае даходы, а не прынізіў іх. У выніку падробкі яму акурат не давалі льготны крэдыт. Калі я гэта пачуў, у мяне такое першае пытанне ўзнікла: калі Лукашэнка падрабіў вынікі выбараў (ён сказаў, што фальсіфікацыя была, але, маўляў, не на яго карысць, і гэтым самым, нібыта, цалкам апраўдаўся перад народам і краінай), ну дык тады і Башура ні ў чым не вінаваты, праўда?», — адзначыў Уладзімір Някляеў.

«Відавочна, што нельга чалавека за такую дробную правіну, па-першае, трымаць столькі часу за кратамі, а па-другое, нельга яго прысудзіць да пазбаўлення волі», — сказаў лідар кампаніі «Гавары праўду!».

«Аднак для дзейнай сістэмы гэта дробязі. Затрымала Башуру КДБ, следства вяло КДБ, а потым падставілі абвінаваўца з пракуратуры — бедную маладую дзяўчынку. Вось так яны і дзейнічаюць — скідаюць справы на міліцыю, міліцыя — на такіх дзяўчынак. І не іх трэба судзіць, не дзяўчынак, не Міхася Башуру, а рэжым, які так ставіцца да сваіх сыноў і дачок», — заявіў Уладзімір Някляеў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, суд Савецкага раёну Мінску 11 кастрычніка пачаў працэс па справе актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Міхася Башуры. Як паведаміла адвакатка затрыманага Тамара Сідарэнка, Міхася Башуру абвінавачваюць у тым, што ён наўмысна падрабіў даведку аб сваіх даходах для атрымання яго жонкай грашовага крэдыту ў банку.

Как вам новость?
Головоломки