Суд падтрымаў ліквідацыю "Руху наперад" Някляева

10.11.2010 17:27
Архив Редакция

Апеляцыйная калегія Мінскага гаспадарчага суду адхіліла скаргу на папярэдняе рашэнне ліквідаваць даследча-асветніцкую ўстанову "Рух наперад", якім кіруе прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў. Такое рашэнне калегія прыняла 10 лістапада.

Уладзімір Някляеў паведаміў, што юрысты арганізацыі рыхтуюць касацыйную скаргу на рашэнне аб ліквідацыі. Па словах апазіцыйнага палітыка, падаваць касацыю будуць у Вышэйшы гаспадарчы суд, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Абскардзіць рашэнне можна на працягу месяца. Аднак Уладзімір Някляеў лічыць, што шмат часу «Руху наперад» не дадуць. Па словах прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы, арганізацыю знарок ліквідавалі 10 лістапада, ведаючы, што заўтра Уладзімір Някляеў ідзе ў Цэнтрвыбаркам падаваць дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у прэзідэнты.

Сярод іншых звестак апазіцыйны палітык павінен паказаць сваё месца працы. «Па гэтай фармальнай прычыны, па гэтай судовай прычыне яны чытаюць маю анкету, кажуць, што я ўказаў не тое месца працы, а дакладней — падмануў іх… І гэтага дастаткова, каб прыбраць мяне з патэнцыйных кандыдатаў», — адзначыў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

Як раней паведамляў Тэлеграф, гаспадарчы суд Мінску задаволіў іск Мінгарвыканкама аб пазбаўленні дзяржаўнай рэгістрацыі даследча-асветніцкай установы «Рух наперад». Рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі, якая праводзіць грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!», прыняў 12 кастрычніка суддзя Андрэй Рыбалкін.

Дырэктар «Руху наперад» Уладзімір Някляеў у сваю чаргу заявіў, што ўстанова працягне сваю дзейнасць, нягледзячы на пазбаўленне яе дзяржрэгістрацыі. Акрамя таго, па словах апазіцыйнага палітыка, кампанія «Гавары праўду!», арганізаваная установай, будзе працаваць у ранейшым рэжыме.

Как вам новость?