Суд пазбавіў рэгістрацыі "Рух наперад" Някляева

12.10.2010 14:33
Архив Редакция

Гаспадарчы суд Мінску задаволіў іск Мінгарвыканкама аб пазбаўленні дзяржаўнай рэгістрацыі даследча-асветніцкай установы "Рух наперад", дырэктарам якога з'яўляецца прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў. Рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі, якая праводзіць грамадзянскую кампанію "Гавары праўду!", прыняў 12 кастрычніка суддзя Андрэй Рыбалкін.

На думку прадстаўніка Мінгарвыканкама Дзмітрыя Антаневіча, для рэгістрацыі «Руху наперад» яго кіраўнікі падалі загадзя ілжывыя звесткі. У прыватнасці ўстанова заключыла дамову арэнды памяшкання з ТАА «Ціна Влаці» па праспекце Машэрава, ведаючы, што гэтыя памяшканні з’яўляюцца гандлёвымі плошчамі. Размяшчэнне офісу ў памяшканнях, функцыянальнае прызначэнне якіх — гандлёвае, не дапускаецца, сцвярджаюць у гарвыканкаме, перадае «Беларускі партызан».

Дзмітры Антаневіч нагадаў, што 29 ліпеня 2010 года гаспадарчы суд задаволіў іск Мінгарвыканкама аб прызнанні дамовы арэнды офіса нядзейнай, а спробы «Руху наперад» абскардзіць гэтае рашэнне ў апеляцыйным парадку аказаліся беспаспяховымі.

Прадстаўнік «Руху наперад» Віктар Сазонаў, у сваю чаргу, заявіў у судзе, што ніякіх загадзя ілжывых звестак падчас рэгістрацыі ў Мінгарвыканкам не перадавалася. Па словах актывіста, у заканадаўстве няма ніякай нормы, якая вызначае, якія памяшканні могуць выкарыстоўвацца для адміністрацыйных мэтаў. У кампаніі «Ціна Влаці» арандавалі не гандлёвыя, а менавіта адміністрацыйныя плошчы, падкрэсліў Віктар Сазонаў.

Па словах прадстаўніка кампаніі «Гавары праўду!», ужо заключана новая дамова на арэнду таго ж памяшкання. «Калі арандаванае памяшканне не падыходзіць пад офіснае па функцыянальным прызначэнні, то Мінгарвыканкам можа проста забараніць выкарыстанне гэтага памяшкання, а не пазбаўляць арганізацыю рэгістрацыі. Гэты аргумент наогул не падыходзіць пад сутнасць іску — аб прадстаўленні загадзя ілжывых звестак», — заявіў прадстаўнік адказчыка.

Суддзя Андрэй Рыбалкін прыняў бок гарадскіх уладаў, дадаўшы, што прадстаўнікі «Руху наперад» могуць абскардзіць гэтае рашэнне ў апеляцыйным парадку ў калегіі ХСМ і ў касацыйным парадку — у Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Па словах намесніка дырэктара «Руху наперад» Ніны Пахлопкі, гэтае рашэнне «было прадказальным» і не заснаваным на «законных інтарэсах» аб’яднання.

Как вам новость?
Головоломки