Суд СНД адмовіўся часова адмяняць нафтапошліны

02.07.2010 14:15
Архив Редакция

Хадайніцтва міністэрства юстыцыі Беларусі аб скліканні пленуму Эканамічнага суда СНД па пытанні часовае забароны спагнання Расіяй пошлінаў на нафтапрадукты не адпавядае рэгламенту суда. Пра гэта заявілі ў прэс-службе суда СНД. Раней паведамлялася, што калегія суда адхіліла заяўленае беларускім бокам хадайніцтва па дадзеным пытанні.

У Эканамічным судзе паведамілі, што зварот з міністэрства юстыцыі Беларусі аб скліканні пленуму для разгляду скаргі беларускага боку на вызначэнне калегіі суда па пытанні часовае забароны спагнання Расіяй пошлінаў на нафтапрадукты паступіла 29 чэрвеня 2010 года.

У судовым органе ўдакладнілі, што дакументамі па пытаннях функцыянавання суда Еўразійскай эканамічнай супольнасці, функцыі якога ажыццяўляе Эканамічны суд СНД, пленум не прадугледжаны. Таксама, паводле Статуту суда ЕўрАзЭС, рашэнне суда СНД з’яўляецца канчатковымі. Указанае правіла прымяняецца да ўсіх рашэнняў, у тым ліку да вызначэння Эканамічнага суда СНД па спрэчках ў рамках ЕўрАзЭС.

Такім чынам, заяўленае раней беларускім бокам хадайніцтва аб скліканні пленуму суда СНД задаволена быць не можа. А рашэнне, якім суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва Беларусі аб забароне Расіі спаганяць вывазную мытную пошліну на нафтапрадукты, што пастаўляюцца ў Беларусь, да прыняцця канчатковага рашэння па дадзенай спрэчцы, з’яўляецца канчатковым і абскарджанню не падлягае, паведамілі ў судзе СНД.

Раней Тэлеграф паведамляў, што кіраўнік сакратарыяту Эканамічнага суда Грач’я Сіманян, каментуючы чарговы зварот міністэрства юстыцыі Беларусі, не змог адказаць, калі можа адбыцца пленум па пытанні адмены расейскіх пошлінаў на пастаўляныя ў Беларусь нафтапрадукты. Па яго словах, скліканне пленуму запатрабуе шэрагу узгадненняў.

Грач’я Сіманян растлумачыў, што ў пленуме павінны ўдзельнічаць кіраўнікі ўсіх арбітражных (эканамічных ці гаспадарчых судоў) краін-членаў СНД. Рашэнне аб скліканні пленуму прымаецца на паседжанні калегіі суда.

Раней міністэрства юстыцыі Беларусі звярнулася ў Эканамічны суд СНД з просьбай як мага хутчэй склікаць пленум для разгляду заявы беларускага ўраду аб прыпыненні спагнання пошлінаў на расійскія нафтапрадукты.

Як паведамляў Тэлеграф, 24 чэрвеня Эканамічны суд СНД прыняў рашэнне разгледзець іск Беларусі да Расіі па пошлінах на нафтапрадукты сёмага верасня.