Сумарная ёмістасць інтэрнэт-шлюзу Беларусі дасягнула 80 Гбіт/с

17.01.2011 17:23
Архив Редакция

Дзяржаўны аператар электрасувязі «Белтэлекам» пашырыў знешні інтэрнэт-шлюз на 19,4% да 80 Гбіт/c. Шырыня знешняга канала краіны павялічылася на 13 Гбіт/с: у расійскім напрамку - на 10 Гбіт/c, у заходнім - на 3 Гбіт/c. Неабходныя працы вяліся пры ўдзеле расійскага «Ростэлекама» і латвійскага «Латтэлекама».

Працы былі скончаны ў сярэдзіне студзеня. Сумесна з расійскім партнёрам «Транстэлекам» таксама была праведзена аптымізацыя каналаў, паведамляе прэс-служба «Белтэлекама».

Цяпер пашырэнне ў расійскім напрамку складае 71 Гбіт на секунду (павялічылася на 16,4%), а ў заходнім — 9 Гбіт на секунду (павялічылася на 50%).

Як ужо перадаваў Тэлеграф, раней было зроблена пашырэнне інтэрнэт-шлюзу на 10 Гбіт/с у расійскім напрамку, 3 студзеня агульная ёмістасць шлюзу складала 67 Гбіт/с.

Аб папярэднім пашырэнні на 10 Гбіт/с было абвешчана 17 лістапада 2010 года. Кампанія заяўляла, што збіраецца пашыраць шлюз у заходнім і ўсходнім напрамках па 10 Гбіт/с у студзені і лютым 2011 года.