Сурыкаў: перамовы Расіі і Беларусі па АЭС значна прасунуліся наперад

23.12.2010 16:46
Архив Редакция

Перамовы Беларусі і Расіі па пытанні аб будаўніцтве АЭС значна прасунуліся наперад, заявіў 23 снежня пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў падчас прэс-канферэнцыі. Аднак «усе дакументы падпісалі, узгаднілі, а зараз зноў задумаліся», адзначыў ён, дадаўшы, што «мяч на баку беларускіх энергетыкаў».

«Наша галоўная задача — дапамагчы Беларусі ў будаўніцтве АЭС, у тым ліку пракрэдытаваць гэта будаўніцтва, і сіламі расійскага ЗАТ «Атамбудэкспарт» пабудаваць», — цытуе БелТА Аляксандра Сурыкава.

Паводле яго слоў, Расія таксама ставіць задачу не дапусціць, каб беларуская і балтыйская АЭС канкуравалі адна з другой на будучым рынку. Таксама амбасадар адзначыў, што расійскі бок зацікаўлены ў стварэнні сумеснага прадпрыемства, якое прадавала б беларускую электраэнергію ў заходнія краіны.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, беларускія ўлады збіраюцца будаваць АЭС у паўночнай частцы Астравецкага раёна краіны, у 23 кіламетрах ад літоўскай мяжы і ў 40 кіламетрах ад яе сталіцы Вільні.

Намер уладаў будаваць АЭС выклікаў пратэсты з боку пэўнай часткі навукоўцаў і насельніцтва. Беларусь з’яўляецца краінай, найбольш пацярпелай ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Навукоўцы выступаюць за недапушчальнасць размяшчэння на тэрыторыі краіны ядзернай зброі і яе элементаў, будаўніцтва АЭС і захоўвання ядзерных адкідаў.

Да таго ж, беларускія ўлады не змаглі даць літоўскаму боку гарантыі бяспекі праекту і прывесці аргументы на карысць будаўніцтва атамнай электрастанцыі паблізу мяжы Літвы.

У снежні літоўскі МЗС накіраваў Беларусі ноту з нагоды АЭС, а кіраўнік ведамства Аўдронюс Ажубаліс заявіў, што Вільня будзе падымаць пытанне аб планаваным будаўніцтве беларускай атамнай электрастанцыі на міжнародным узроўні. «Кожная краіна паступіла б так, калі б не змагла знайсці адказ па канвенцыі ESPOO і патрабаваннях МАГАТЭ», — растлумачыў міністр.

Как вам новость?