Сурыкаў: спецслужбы не датычныя да нападу на амбасаду Расіі ў Мінску

07.09.2010 13:52
Архив Редакция

Атаку на расійскую амбасаду ў Беларусі здзейснілі радыкальныя хуліганы, і за гэтым не стаяць ні расійскія, ні беларускія спецслужбы. Пра гэта паведаміў 7 верасня ў Мінску пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

«Думаю, што гэта зрабілі радыкальныя хуліганскія элементы… Падставаў падазраваць сляды расійскіх ці беларускіх спецслужбаў няма і не было ніколі», — сказаў расійскі амбасадар, перадаюць РИА «Новости».

Да гэтага, як ужо паведамляў Тэлеграф, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларуская міліцыя старанна праверыць версію магчымай датычнасці расійскага боку да інцыдэнту, які адбыўся на тэрыторыі амбасады Расіі ў Мінску. «Гэта цікавая версія і мы будзем яе адпрацоўваць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Хутчэй за ўсё, напэўна, ім патрэбны быў гэты інцыдэнт, каб паказаць: вось бачыце, які там урад, Лукашэнка, які ледзь не сам зладзіў гэты тэракт, як яны яго называюць, і падпаліў аўтамабіль расійскага пасольства. Падонкі і нягоднікі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сам інцыдэнт здарыўся вечарам 30 жніўня. Невядомыя кінулі на тэрыторыю расійскай амбасады ў Мінску 2 бутэлькі з запальнай сумессю. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. Адна бутэлька трапіла ў прыпаркаваны на тэрыторыі пасольства аўтамабіль. Ахова амбасады справілася з пажарам самастойна.

Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «хуліганства». Пасля інцыдэнту МЗС РФ назваў тое, што здарылася абуральным актам, і заклікаў беларускія ўлады не дапускаць паўтарэння падобных акцыяў у будучыні.

Как вам новость?
Головоломки