Сусветны Банк: для інвестыцый Беларусі не хопіць высокай пазіцыі ў бізнэс-рэйтынгу

21.04.2010 14:31
Архив Редакция

Таго, што Беларусь патрапіла ў трыццатку краін з найболей спрыяльнымі ўмовамі для вядзення бізнэсу, недастаткова для прыцягнення інвестыцый. Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі Іван Велеў 20 красавіка на канферэнцыі ў Мінску.

Па яго словах, адносна ўплыву пазіцыі ў рэйтынгу Сусветнага банку на інвестыцыйную прывабнасць назіраюцца завышаныя чаканні. Іван Велеў лічыць, што няправільна разлічваць на прыток інвестыцый, калі краіна размяшчаецца высока ў рэйтынгу.

«Нават калі Беларусь патрапіць у дзясятку сусветных лідараў з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнэсу, гэта не азначае павелічэння інвестыцый», — прыводзіць словы эксперта БелаПАН. Іван Велеў адзначыў, што нават Сусветны банк пры прыняцці рашэння пра дачу крэдыту Беларусі не ўлічваў пазіцыю краіны ў рэйтынгу.

Раней прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі выказваў меркаванне, што рынак краіны застаецца рызыкоўным для інвестыцый. «Неабходны структурныя рэформы. Гэта адзіная жыццяздольная альтэрнатыва для ажыўлення эканомікі. Беларусь прыстасоўваецца да крызісу фіскальнымі метадамі», — заявіў тады Іван Велеў.

Как вам новость?
Головоломки