Сусветны банк: тэмпы эканамічнага росту Беларусі блізкія да кітайскіх

19.03.2010 09:28
Архив Редакция

Сусветны банк лічыць мэтазгодным прыгледзецца да беларускага досведу дзяржаўнага кіравання эканомікай і падвышэння энергаэфектыўнасці вытворчасці. Такую заяву зрабіў віцэ-прэзідэнт Сусветнага банка па рэгіёне Еўропы і Цэнтральнай Азіі Філіп Ле Уэру. Па словах віцэ-прэзідэнта, Беларусь здолела "забяспечыць такі эканамічны рост, які бліжэй да кітайскага, чым еўрапейскага".

Па словах Філіпа Ле Уэру, Сусветны банк ацаніў развіццё эканомікі Беларусі і мае намер рэкамендаваць іншым краінам вывучыць яе досвед.

«Калі казаць сумленна, дык збольшага падчас гэтага візіту я жадаў бы вывучыць, якім чынам гэта было дасягнута. І я мяркую, што іншыя краіны могуць атрымаць карысць з вашага досведу», — адзначыў банкір.

Прадстаўнік Сусветнага банка таксама адзначыў «велізарнае скарачэнне ўзроўню беднаты» ў краіне, а таксама падвышэнне энергаэфектыўнасці эканомікі, паведамляе БелТА.

«Партнёрства засноўваецца на даверы. Беларусь і Сусветны банк з’яўляюцца партнёрамі ўжо больш за дзесяць гадоў. Мы вельмі задаволены дасягнутымі вынікамі і спадзяемся, што на працягу наступных дзесяці гадоў супрацоўніцтва яны будуць толькі паляпшацца», — запэўніў Філіп Ле Уэру.

Што да далейшага развіцця Беларусі, дык, на думку віцэ-прэзідэнта, прынятая ў рэспубліцы стратэгія эканамічнага развіцця правільна арыентавана. «Магчыма, мы зможам дапамагчы вам у дасягненні запланаваных мэт», — падкрэсліў банкір.

«Мы пашырылі магчымасці фінансавай падтрымкі Беларусі і спадзяемся на далейшую працу ў гэтым кірунку», — адзначыў Філіп Ле Уэру.

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца чальцом Сусветнага банка з 1992 года і за гэты перыяд краіне у агуле было вылучана 643 млн. даляраў на рэалізацыю дзевяці праектаў, каля 30 нацыянальных праграм атрымалі грантавую падтрымку на агульную суму 18 млн. даляраў.

Как вам новость?
Головоломки