Сусветны банк выдзеліць Беларусі на рамонт дарог 150 млн. даляраў

12.11.2010 15:38
Архив Редакция

Сусветны банк прыняў рашэнне выдаць Беларусі пазыку ў памеры 150 млн. даляраў на фінансаванне праекту па ўдасканаленні і мадэрнізацыі аўтамабільных дарог. Як растлумачылі ў прадстаўніцтве Сусветнага банка, гэта дапаможа ўвесці ў эксплуатацыю электронную сістэму аплаты дарожных збораў, а таксама будзе садзейнічаць развіццю транспартнай інфраструктуры стратэгічнага транзітнага калідора.

Сусветны банк дае гэтую пазыку Беларусі на 15 гадоў з адтэрміноўкай выплат асноўнай сумы доўгу на працягу пяці гадоў. Праект запусцяць у 2011 годзе і плануюць рэалізаваць яго на працягу чатырох гадоў.

«Дарожны сектар Беларусі вядомы як адзін з найлепшых сярод краін СНД, але на яго паўплывала скарачэнне яго фінансавання ў апошнія гады», — адзначыў кіраўнік групы экспертаў Сусветнага банка па гэтым праекце Андрэас Шліслер.

«Праект прыўнясе не толькі будаўніцтва некалькіх кіламетраў аўтамагістралі, але і таксама павышэнне бяспекі дарожнага руху, укараненне новых тэхналогій і магчымасцяў для транспартнага сектару, садзейнічанне ў развіцці гандлю, мясцовай эканамічнай дзейнасці і стварэнні рабочых месцаў», — растлумачыў эксперт СБ.

Новы праект стаў часткай дзяржаўнай праграмы развіцця нацыянальнай транспартнай інфраструктуры «Дарогі Беларусі» на 2006-2015 гады, якая прадугледжвае будаўніцтва аўтамагістраляў з чатырма палосамі руху паміж Мінскам і абласнымі цэнтрамі. Праграмай таксама прадугледжана павелічэнне выкарыстання даходаў, якія атрымліваюцца ад дарожных збораў, для фінансавання рамонту і далейшай мадэрнізацыі сеткі аўтамабільных дарог.

Праект, які фінансуецца Сусветным банкам, уключае ў сябе тры кампаненты. У рамках першага кампанента існыя ўчасткі дарогі паміж Мінскам і Бабруйскам агульнай працягласцю 53 кіламетры будуць пераабсталяваны ў сучасную аўтамагістраль з чатырма палосамі руху. На гэта будзе выдаткавана 131 млн. даляраў. Рэканструююцца ўчасткі дарогі з’яўляюцца часткай Трансеўрппейскага транспартнага калідора IX, які злучае Чорнае мора з краінамі Балтыкі.

Другі кампанент, на які Сусветны банк выдзеліць 18 млн. даляраў, будзе накіраваны на пачатковыя працы па ўвядзенні ў Беларусі новай сістэмы аплаты дарожных збораў на аснове перадавых тэхналогій. Гэтая частка праекту дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць эксплуатацыі дарожнай сеткі і прывесці яе ў адпаведнасць са стандартамі Еўрапейскага саюза.

Трэці кампанент будзе накіраваны на ўзмацненне інстытуцыйнага патэнцыялу ўстаноў дарожнага сектару Беларусі і аказанне ім садзейнічання ў працы па пераходзе да стандартаў і метадаў ЕС. Прыкладны кошт гэтай часткі праекту складае мільён даляраў.

За 18 гадоў членства ў Сусветным банку, Беларусі было выдзелена 865 млн. даляраў на рэалізацыю 12 праектаў. У цяперашні час Беларусь атрымлівае фінансаванне па сямі праектах па рэканструкцыі дарожнай інфраструктуры, павышэнні энергаэфектыўнасці, паляпшэнні якасці водазабеспячэння і кіравання адходамі і развіцці інфраструктуры ў раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Как вам новость?