Сусветны банк выдзеліць крэдыт на смеццеперапрацоўчы завод у Горадні

13.09.2010 14:57
Архив Редакция

У Горадні да 2014 года плануюць пабудаваць смеццеперапрацоўчы завод па тэхналогіі максімальнага адбору другасных рэсурсаў. Грошы на будаўніцтва Беларусь возьме ў крэдыт у Сусветнага банка. Бакі ўжо падпісалі пагадненне аб выдзяленні пазыкі ў памеры 42,5 млн. даляраў.

Акрамя таго, Глабальны экалагічны фонд выдзеліць Беларусі грант у 5,5 млн. даляраў. Усе грошы пойдуць на фінансаванне праектавання і будаўніцтва завода, які будзе ўяўляць сабой лінію механічнага сартавання адкідаў з максімальным адборам другасных рэсурсаў магутнасцю да 120 тыс. тон смецця на год, перадае Блог Гродна.

Пляцоўку для будаўніцтва завода вызначылі каля дзейнага палігону цвёрдых бытавых адкідаў недалёка ад вёскі Рагачоў Гарадзенскага раёна. Заказчыкам будаўніцтва выступіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Гарадзенскага аблвыканкама.

На працягу года плануюць скласці праектна-каштарысную дакументацыю і вызначыць пастаўшчыка абсталявання. Цяпер група кіравання праектам у Мінску рыхтуецца да правядзення тэндэру на пастаўку абсталявання.

У Гарадзенскай вобласці штогод вырабляецца паўтара мільёны тон вытворчых і мільён кубаметраў камунальных адкідаў. Адзін толькі раённы цэнтр штогод вырабляе больш за 250 тыс. тон бытавых адкідаў. Разам з тым перапрацоўваецца цяпер толькі каля 10% камунальных адкідаў. Пад палігоны цвёрдых бытавых адкідаў у вобласці адведзена 700 гектараў.

Как вам новость?
Головоломки