Суздальцаў: новую фазу супрацьстаяння Лукашэнка справакаваў сам

06.10.2010 16:46
Архив Редакция

На думку палітолага Андрэя Суздальцава, новую фазу супрацьстаяння ў адносінах Беларусі і Расіі прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка справакаваў сам — сваім візітам у Маскву ў чэрвені. "Ён даў падставу да скандалу і сёння можна казаць аб тым, што адносіны разарваныя канчаткова", — лічыць палітолаг.

«Расія пэўныя рэчы ў дачыненні да Лукашэнкі вырашыла даўно. Дзесьці ў 2004-2005 годзе. Тое, што цяпер адбываецца, адбываецца ранавата — я чакаў канчатковага разрыву ў 2011 годзе. У прывязцы да ўводу ў дзеянне першай чаргі газаправода «Нордстрым». Пакуль пэўная транзітная залежнасць Расіі ад Беларусі захоўваецца — да ўводу гэтага газаправода», — растлумачыў Андрэй Суздальцаў.

Паводле яго слоў, прымірэнне Аляксандра Лукашэнкі з расійскім кіраўніцтвам немагчымае. «Можна адкласці ў бок супярэчнасці, нейкія раздражняльныя моманты і займацца надзённымі праблемамі. Але наогул замірыцца немагчыма — прынцыпова стаяць. Таму — не будзе ніякага дружалюбнага візіту. Ды і які можа быць візіт у Крэмль Лукашэнкі, калі публічна, па федэральным канале было сказана, што чалавек хворы?!», — цытуе палітолага Euramost.org.

Суздальцаў: лёс Лукашэнкі ў руках беларусаў

Па словах эксперта, лёс Аляксандра Лукашэнкі як палітыка 100% у руках беларускага народа. «Эканамічная падтрымка з боку Расіі скарачаецца. І ўжо ў наступным годзе, я думаю, мы ўбачым яе канчатковае завяршэнне. Палітычнай падтрымкі Лукашэнкі няма. Ён голы і босы. Ён заўсёды мог абаперціся на Маскву, а цяпер яму абаперціся няма на каго. Ён у руках беларускага палітычнага класа і беларускага народа. Ён гэта ведае і вельмі баіцца», — лічыць Андрэй Суздальцаў.

Палітолаг таксама сказаў, што калі б выбары прэзідэнта праходзілі сёння, Расія бы сапраўды не прызнала іх вынікі. Акрамя таго, растлумачыў эксперт, калі Расія не прызнае выбары, з Беларусі могуць адклікаць расійскага амбасадара.

«Праўда, пасля выбараў будзе яшчэ два месяцы да інаўгурацыі. Але пасля яе, калі выбары не прызнаюць, могуць амбасадара і адклікаць. Наогул, Лукашэнка тактычна выйграе часам. Гэты выступ Мядзведзева — поспех Лукашэнкі. Бо Лукашэнка нікому, нават Беларусі, не патрэбен, калі ў яго няма кантакту з Масквой. Ён з Масквой лаецца, тая яму адказвае — значыць, ён патрэбны. Лепш бы Мядзведзеў яго ігнараваў», — падкрэсліў эксперт.

Как вам новость?