Суздальцаў: расійскую амбасаду ў Мінску атакаваў БРСМ

31.08.2010 17:19
Архив Редакция

Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў назваў правакацыяй інцыдэнт, які здарыўся на тэрыторыі расійскай амбасады ў Мінску, і лічыць, што пасольства атакавалі актывісты Беларускага Рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ). "Бо гэта правакацыя! Я не думаю, што такімі рэчамі будзе займацца нацыяналістычная моладзь", — заявіў расійскі эксперт.

«Яны (нацыяналістычная моладзь) выдатна разумеюць, што сённяшняе абвастрэнне сітуацыі паміж Масквой і Мінскам — гэта непасрэдны вынік дзейнасці Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. І калі б гэта дзейнічала нацыяналістычная моладзь, то яна дапамагала б Лукашэнку. Таму я лічу, што гэта хутчэй за ўсё БРСМ», — заявіў Андрэй Суздальцаў, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Які ў гэтым удзел беларускіх спецслужбаў — ім лепш бачна. Мы са спецслужбамі не звязаныя і не ведаем, як яны там працуюць. Але тое, што гэта зроблена па заданні, што гэта не самастойныя дзеянні, гэта на 100% так», — упэўнены расійскі палітолаг.

Пры гэтым Андрэй Суздальцаў адзначыў, што адной нотай пратэсту расійскага МЗС справа не скончыцца і «варта чакаць зімы ў беларуска-расійскіх стасунках».

Як ужо паведамляў Тэлеграф, увечары 30 жніўня невядомыя кінулі на тэрыторыю расійскай амбасады ў Мінску 2 бутэлькі з запальнай сумессю. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў. Адна бутэлька трапіла ў прыпаркаваны на тэрыторыі амбасады аўтамабіль. Ахова пасольства справілася з пажарам самастойна.

Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле «хуліганства». Пасля інцыдэнту МЗС РФ назваў тое, што здарылася абуральным актам, і заклікаў беларускія ўлады не дапускаць паўтарэння падобных акцыяў ў будучыні.

Как вам новость?
Головоломки