Ус прапаноўваў падпалкоўніку ДАІ пагоны генерала (абнаўляецца)

17.05.2011 11:35
Архив Редакция

У аўторак, 17 траўня, у судзе Ленінскага раёну Мінску працягваецца слуханне крымінальнай справы, узбуджанай супраць экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса, а таксама ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава. Суд працягнуў допыт сведак. Пры гэтым сведкі заяўляюць, што з абвінавачанымі не знаёмыя асабіста.

Першы сведка, дапытаны ў судзе, супрацоўнік спецназу, які ўдзельнічаў у разгоне дэманстрацыі 19 снежня, Алег Дударчык, 1971 года нараджэння, заблытаўся ў паказаннях. Спачатку сведка заявіў, што ён не знаёмы ні з кім з абвінавачаных, а таксама не ведае нікога з пацярпелых.

У зачытаныя пракурорам паказаннях, дадзеных сведкам 10 лютага, значыцца, што ён удзельнічаў у затрыманні абвінавачанага Квяткевіча. У ходзе далейшага допыту сведка прызнаў, што дадзеныя раней паказанні дакладныя. Ён заявіў, што ў судзе не пазнаў абвінавачанага, так як ён моцна змяніўся з моманту затрымання. Сведка прызнаўся, што ён удзельнічаў у затрыманні Квяткевіча, пры гэтым абвінавачаны выкрыкваў агрэсіўныя лозунгі і нецэнзурную лаянку на адрас супрацоўнікаў міліцыі.

Другі сведка, супрацоўнік спецназа Налецкі, 1985 года нараджэння, таксама заявіў, што ні абвінавачаных, ні пацярпелых асабіста не ведае. Пры гэтым у паказаннях, дадзеных на папярэднім следстве, міліцыянт заяўляў, што ён удзельнічаў у затрыманні Квяткевіча. На пытанне пракурора, чаму яго паказанні адрозніваюцца, сведка заявіў, што заблытаўся, прызнаўшы, што сапраўды затрымліваў абвінавачанага. Пры гэтым, паводле яго слоў, ён запомніў Квтякевіча па адзенні — шапцы і кажух.

Сам абвінавачаны сцвярджае, што затрымліваў яго не супрацоўнік спецназу, а праваахоўнік ў цывільным.

Трэці сведка, супрацоўнік спецназа Віктар Цярэшчанка, 1990 года нараджэння, як і яго калегі, заявіў, што ні з абвінавачанымі, ні з пацярпелымі ён асабіста не знаёмы. Пры гэтым у паказаннях, дадзеных на папярэднім следстве, міліцыянт заяўляў, што ў ліку дзесяці чалавек, якіх ён асабіста затрымліваў на плошчы Незалежнасці быў абвінавачаны Арцём Грыбкоў. Пры гэтым сам Арцём Грыбкоў заяўляе, што яго затрыманне здзяйснялі не супрацоўнікі спецназу, а звычайныя міліцыянты ў форме, пры гэтым не на плошчы Незалежнасці, а недалёка ад чыгуначнага вакзалу.

Акрамя таго, сведка заявіў, што ў руках аднаго з мітынгоўцаў бачыў «ледакол» — завостраную рыфленую арматуру. У ходзе допыту міліцыянт зазначыў, што пасля ён нават бачыў гэтую арматуру недалёка ад службовага транспарту спецназа.

11:25. У судзе дапыталі супрацоўніка метрапалітэна Алега Круглова, 1964 года нараджэння. Ні з кім з абвінавачаных і пацярпелых сведка не знаёмы. Пра інцыдэнты ў метро 19 снежня не заяўляў. У ходзе допыту адзначыў, што некаторыя станцыі метро 19 снежня былі зачыненыя для пасажыраў, але распараджэнне аб гэтым было дадзена раней, а не з прычыны мітынгу.

11:30. У судзе таксама дапыталі Андрэя Аляксандрава, 1977 года нараджэння, які з’яўляецца начальнікам службы аховы Палаца прафсаюзаў, размешчанага на Кастрычніцкай плошчы. Ён заявіў, што з-за мітынгу прыйшлося зачыніць цэнтральны ўваход Палаца і ўзмацніць ахову па ўказанні дырэктара палаца. Па словах начальніка службы аховы, гэта было выклікана тым, што на прыступках Палаца каля галоўнага ўваходу сабралася вялікая колькасць людзей.

Начальнік аховы Палаца падкрэсліў, што ніякай матэрыяльнай шкоды будынку ў час мітынгу не было ўчынена. Так, у будынку Палаца прафсаюзаў таксама знаходзяцца рэстаран і гульнёвы клуб, але ў гэты дзень яны не працавалі. Тым не менш, па наяўнай інфармацыі, гэта было звязана не з правядзеннем мітынгу, а з указам кіраўніцтва Палаца. Так, 18-19 снежня Палац рыхтаваўся да навагодніх ранішнікаў, таму кіраўніцтва Палаца прыняло рашэнне ў гэтыя дні зачыніць арганізацыі, каб упрыгожыць будынак.

11:35. Суд таксама заслухаў паказанні начальніка юрыдычнага аддзелу «БелЕвросеть», Паўла Гайдука, 1972 года нараджэння. Паводле яго слоў, 19 снежня гандлёвая кропка прадпрыемства, якая знаходзіцца ва ўніверсаме «Цэнтральны», вымушана была спыніць працу замест 22:00, як належыць па графіку, у 21:00. Тым не менш, прадпрыемства не высунула ніякіх абвінавачанняў фігурантам справы, у тым ліку аб якой-небудзь упушчанай выгадзе ў сувязі з вымушаным заўчасным закрыццём гандлёвай кропкі.

11:40. Суд дапытаў Паўла Ліштвара, 1987 года нараджэння, які падчас перадвыбарчай кампаніі ўваходзіў у склад ініцыятыўнай групы і збіраў подпісы ў падтрымку кандыдатаў Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса. Па сцвярджэнні сведкі, за кожны подпіс ён атрымліваў каля 0,5 даляраў. Усяго за перадвыбарчую кампанію, па словах маладога чалавека, ён атрымаў 700 даляраў у офісе Дзмітрыя Уса. Пры гэтым грошы перадаваў маладому чалавеку Дзмітры Каўганаў. Аб якіх-небудзь планах экс-кандыдатаў аб правядзенні акцый пратэсту і арганізацыі масавых беспарадкаў сведку нічога невядома.

11:50. У судзе таксама дапыталі Дзмітрыя Каўганава, настаўніка мінскай гімназіі, які падчас перадвыбарчай кампаніі з’яўляўся кіраўніком ініцыятыўнай групы Дзмітрыя Уса. Знаёмы з Дзмітрыем Усам ён з 1999 года, бо ён быў яго памочнікам яшчэ тады, калі экс-кандыдат быў дэпутатам. З Мікалаем Статкевічам асабіста не знаёмы, але з кастрычніка 2010 года некалькі разоў пресякаўся. Ён пацвердзіў, што некалькі разоў бачыў Мікалая Статкевіча на офісе Дзмітрыя Уса, а таксама тое, што час ад часу кандыдаты праводзілі сумесныя сустрэчы з кандыдатамі. Аб падрыхтоўцы якіх-небудзь масавых беспарадкаў кандыдатамі сведку не вядома. Акрамя таго, сведка заявіў, што Дзмітры Ус ніколі ў зносінах з ім не выказваў якіх-небудзь заяў аб магчымым сілавым развіцці падзей на плошчы. Тым не менш, па словах сведкі, экс-кандыдат пры гэтым не выключаў свайго ўдзелу ў мітынгу пратэсту для выказвання сваёй асабістай грамадзянскай пазіцыі.

12:15. Суд дапытаў таксама двух супрацоўнікаў ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, якія 19 снежня стаялі ў ачапленні па перыметры праспекта Незалежнасці. Старшы інспектар ДПС Іван Шмагілоўскі заявіў, што калону мітынгоўцаў ўзначальвалі экс-кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч, Дзмітры Ус, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў. Па яго словах, яны накіравалі калону ад Кастрычніцкай плошчы на плошчу Незалежнасці, спрабуючы пры гэтым выйсці на праезную частку.

Падпалкоўніку Карзюку, які кіраваў дзеяннямі супрацоўнікаў ДАІ ў ачапленні, адзін з экс-кандыдатаў сказаў, што ў выпадку, калі ён прапусціць калону на праезную частку і не будзе замінаць дэманстрантам ісці, яго падвысяць у званні да генерала. У адказ на гэта Дзмітры Ус растлумачыў, што падпалкоўніку жартам было сказана, што ён стане не проста генералам, а «генералам сумлення».

Пры гэтым сведка пацвердзіў, што ніякага гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў у ачапленні мітынгоўцы не ўжывалі. Кандыдаты, паводле яго слоў, да гвалту таксама не заклікалі. Замест гэтага палітыкі заклікалі народ не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў і правесці новыя. Словы сведкі пацвердзіў яго калега.

Ён таксама заявіў у ходзе допыту, што не чуў гуку біцця шкла Дома ўрада, аб чым гаварыў яго калега. Нягледзячы на тое, што міліцыянты неслі службу ў адным месцы, адзін з іх сцвярджае, што выразна чуў звон шкла, калі дэманстранты выбівалі дзверы Дома ўрада, іншы заяўляе, што нічога падобнага чуваць не было, бо на плошчы было занадта шумна, а супрацоўнікі ДПС знаходзіліся занадта далёка ад будынка.

12:45. На допыце іншага сведкі — журналіста Сегрея Кірыені — таксама не было прадстаўлена доказаў заклікаў да насілля. Па словах сведкі, заклікаў да гвалту з вуснаў кандыдатаў не гучала. Аднак, ён таксама заявіў, што Мікалай Статкевіч ля Дому ўрада аб’яўляў мітынгоўцам, што экс-кандыдаты маюць намер ісці ўнутр будынка, каб правесці перамовы з уладамі, у тым ліку з прэм’ер-міністрам.

Сведка таксама растлумачыў, што асноўная маса людзей на мітынгу была настроена мірна і гвалту да праваахоўнікаў не ўжывала, а пры разгоне мітынгу большасць удзельнікаў акцыі не аказвала супраціву міліцыі, а спрабавала ўцячы з плошчы.

14:10. У судзе таксама дапыталі Мікалая Аліксяевіча, кіроўцу аўтобуса маршруту № 69 «Кірава-Масюкоўшчына», і Васіля Матроса, кіроўцу аўтобуса маршруту № 1 «Цнянка-Вакзал», якія праходзяць па праспекце Незалежнасці. Праз мітынг маршруты гэтых аўтобусаў былі змененыя. Тым не менш, Васіль Матрос падкрэсліў, што ўдзельнікі мітынгу, якія выйшлі на праезную частку, паводзілі сябе мірна і не прадпрымалі ніякіх агрэсіўных дзеянняў у адносінах да транспартных сродкаў на праспекце.

14:20. Суд таксама заслухаў паказанні індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Макаева, які быў непасрэдным удзельнікам мітынгу 19 снежня. У пачатку допыту мужчына прызнаўся, што наўмысна прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Ён заявіў, што выступаючы на мітынгу кандыдаты не выказвалі нічога супрацьзаконнага, ніякіх заклікаў да гвалту.

Разбітае шкло ў Доме ўрада, на думку сведкі, на сумленні супрацоўнікаў сілавых структураў. Аляксандр Макаеў адзначыў, што момант, калі разбілі шкло ў будынку, наўмысна здымалі на камеру супрацоўнікі сілавых структур, каб потым можна было «паказаць ва ўсім свеце суды над кандыдатамі за разбітае шкло». Ён таксама адзначыў, што шыбы білі выключна рукамі і нагамі, без выкарыстання спецсродкаў.

15:20. У якасці сведкі па справе па хадайніцтве боку абароны суд заслухаў старшыню аб’яднанняў грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. У ліку іншага ён заявіў, што ўдзельнікаў «Плошчы» затрымлівалі супрацоўнікі спецслужбаў па складзеным раней спісе.

Как вам новость?
Головоломки