29.04.2011 17:02
Архив

У пятніцу, 29 красавіка, працягваецца судовы працэс па справе фігуранта "справы 19 снежня", экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Сведка з боку абароны журналіст Алег Груздзіловіч падчас допыту заявіў, што дэманстрацыя ў дзень выбараў праходзіла абсалютна мірна. "Яшчэ мітынг не пачаўся, а шкло ўжо было пабітым", - сказаў ён, маючы на ўвазе вокны ў Доме ўрада.

Разам з былым кандыдатам у прэзідэнты судзяць таксама актывістаў Іллю Васілевіча, Алега Гнедчык, Фядора Мірзаянава і Уладзіміра Яроменка. У залі суда знаходзяцца каля трыццаці маладых людзей, якія адмовіліся паведаміць, адкуль яны прыйшлі і дзе вучацца. «Нам проста цікава», — заявілі яны.

На пасяджэнні прысутнічаюць часовы павераны ЗША Майкл Скэнлан, прадстаўнікі АБСЕ, нямецкай амбасады, а таксама бацькі жонкі Андрэя Саннікава Ірыны Халіп — Уладзімір і Люцына Халіп. Разам з тым, у залу суда доўга не прапускалі маці Фёдара Мірзаянава.

Допыт 19 сведкаў з боку абароны праходзіць па хадайніцтве адваката Андрэя Саннікава Марыны Кавалеўскай. Сярод іх — кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі і юрыст Уладзімір Лабковіч.

Па словах журналіста беларускай службы Радыё «Свабода» Алега Груздзіловіча, удзельнікі акцыі 19 снежня казалі, што выбары фальшывыя і неабходна патрабаваць новых. Аднак правесці акцыю на Кастрычніцкай плошчы не было магчымасці, паколькі людзі не маглі там змесціцца (частка плошчы была заліта пад каток). Таму людзі пайшлі на плошчу Незалежнасці — але ў гэтым Груздзіловіч не бачыў ніякіх парушэнняў заканадаўства.

«У мяне ўражанне было, што першапачаткова шкло білі не мітынгоўцы, а ўжо потым прыйшлі ўдзельнікі дэманстрацыі», — цытуе журналіста «Наша Ніва». Па словах Алега Груздзіловіча, ніякай арматуры, ледарубаў або каністраў на акцыі не было.

Груздзіловіч: спецназ подла збіваў пратэстуючых

Журналіст таксама паведаміў, што супрацоўнікі спецназу «подла, ззаду білі мітынгоўцаў». Ён падкрэсліў, што збівалі нават пажылых людзей, аднак найбольш жорстка — моладзь. «Кулаком у твар», — удакладніў журналіст. На яго думку, сітуацыя не патрабавала жорсткага збіцця дэманстрантаў.

Суддзя не задаволіла просьбу Алега Груздзіловіча сысці пасля дачы паказанняў на працу, хаця падобныя просьбы сведкаў з боку абвінавачання 28 красавіка здавальняліся.

Андрэй Саннікаў у сваю чаргу заявіў, што кандыдаты ў прэзідэнты прыйшлі да Дому ўрада, каб арганізаваць перамовы з чыноўнікамі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі пацвердзіў, што акцыя была мірнай, і на Кастрычніцкай плошчы яе правядзенню замінала гучная музыка. «Нельга было нічога пачуць. Для арганізацыі мітынгу сітуацыя была безнадзейнай», — лічыць ён.

Аднак дзеянні ўдзельнікаў мітынгу былі мірнымі. «Праявай агрэсіі не было. Ніякіх экстрэмісцкіх груп, якія рыхтаваліся да барацьбы з міліцыяй, там не было», — адзначыў Алесь Бяляцкі.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра не заўважыў, каб была паралізаваная праца нейкай установы, паколькі ніхто не заходзіў унутр будынкаў. «Калона прайшла цягам пяці хвілін — і ўсё», — удакладніў ён.

Бяляцкі: міліцыя паводзіла сябе безадказна

«Паводзіны міліцыя я лічу безадказнымі. Тое, што адбылося каля Дому ўраду — гэта вынік іх бяздзейнасці і адсутнасці кантактаў з арганізатарамі. Калі б кантакт быў, то і нас бы тут не было сёння», — заявіў Алесь Бяляцкі.

Бяляцкі: ніякіх масавых беспарадкаў на плошчы не было

Кіраўнік «Вясны» лічыць, што каля Дома ўрада на плошчы Незалежнасці не было масавых беспарадкаў. «Я не бачыў траўмаваных супрацоўнікаў міліцыі. Не бачыў, каб ім хтосьці аказваў супраціў. Я заставаўся на Плошчы апошнім. Чаго Вы артыкулы пішаце такія некампетэнтныя? — спытаў ён у пракурора. — Былі масавыя беспарадкі? Не было!»

Лабковіч: афіцэры адмовіліся наводзіць парадак на плошчы

Уладзімір Лабковіч заявіў, што дзверы і вокны Дома ўрада білі 10-15 чалавек, гэта бачылі афіцэры ў цывільным, якія прысутнічалі на іншых мерапрыемствах апазіцыі. Юрыст паведаміў, што старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэтц Алег Гулак спытаў у афіцэраў, чаму яны не звяртаюць увагі на тое, што невялікая група людзей б’е шыбы. «Афіцэры сказалі: «Мы не павінны наводзіць парадак. Мы проста тут стаім», — адзначыў Уладзімір Лабковіч.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, судовы працэс Андрэя Саннікава, Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Уладзіміра Яроменкі пачаўся 27 красавіка ў судзе Партызанскага раёна Мінску і ідзе ўжо трэці дзень. Саннікава абвінавачваюць па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), астатніх — па ч.2 арт.293 («Удзел у масавых беспарадках»),

Андрэй Саннікаў, Ілля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў не прызналі сваю віну, Алег Гнедчык — часткова (ва ўдзеле ў акцыі пратэсту), Уладзімір Яроменка — цалкам.

Следите за новостями так, как вам удобно:

Подпишитесь на новостную ленту Telegraf.by в удобном для вас сервисе и ничего не пропускайте!

Дзен Новости Google Новости Telegram Facebook VK.com OK.ru Пульс