Таксіст-лавелас з Мінску падмануў 17 заможных жанчын

15.03.2011 11:00
Архив Редакция

Супрацоўнікі Партызанскага РУУС Мінску затрымалі 31-гадовага мясцовага жыхара, якога падазраюць у махлярстве ў буйных памерах. Мужчына, працуючы таксістам, заводзіў знаёмства з адзінокімі заможнымі жанчынамі, пазычаў у іх грошы, не маючы намеры іх вяртаць. Па дадзеных следства, па такой схеме таксісту-лавеласу ўдалося падмануць 17 жанчын.

«Працуючы таксістам, знайшоў сабе даволі незвычайны дадатковы заробак. Будучы нядрэнным псіхолагам, ён прыглядаўся да заможных кліентак і імкнуўся максімальна ўвайсці ў давер. Спачатку гаворка ішла выключна аб дзелавым супрацоўніцтве, маўляў, калі спатрэбіцца таксі, тэлефануйце асабіста мне, заўсёды з задавальненнем дапамагу. Калі знаёмства мела працяг, то малады чалавек усяляк стараўся пераканаць даму ва ўзнікненні рамантычных пачуццяў з далёка ідучымі наступствамі», — распавяла прэс-афіцэрка Партызанскага РУУС Ганна Чыж-Літаш.

Увайшоўшы ў давер, мужчына праз пэўны час тэлефанаваў сваёй «пасіі» і прасіў аб матэрыяльнай дапамогі пад рознымі падставамі — у сувязі з нечаканай смерцю бацькі, няісным ДТЗ і іншае. Самая буйная сума, якую ахвяра аддала ў рукі ашуканцу, склала 1,2 млн. рублёў. Спрабуючы вярнуць доўг, жанчыны чулі ў адказ гісторыі аб цяжкім матэрыяльным становішчы і клятвенныя абяцанні вярнуць грошы ў хуткім часе.

Міліцыі ўдалося затрымаць махляра пасля таго як адна з пацярпелых напісала на яго заяву. У дачыненні да падазраванага распачалі крымінальную справу па ч.3 арт. 209 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Махлярства, здзейсненае ў буйным памеры»). Мужчыну пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Как вам новость?