Танкер з венесуэльскай нафтай для Беларусі прыбыў у порт Адэсы

27.04.2010 09:28
Архив Редакция

Танкер "Марская зорка" з Венесуэлы з нафтай, прызначанай для Беларусі, прыбыў у Адэскі порт. Гэта адбылося ў ноч з 24 на 25 красавіка. 26 красавіка ў 10:00 пачалася перапампоўка нафты ў рэзервуары. Затым выпрабавальная партыя нафты гатунку "Санта-Барбара" (80 тыс. тон) будзе транспартавана па чыгунцы з Адэсы ў Мазыр.

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе яе чакаюць напачатку траўня, паведамляе БелаПАН. Дамоўленасць пра пастаўкі нафты была дасягнута ў сакавіку 2010 года на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Венесуэлы ў Каракасе. Танкер са спробнай партыяй адбыў з Венесуэлы другога красавіка.

Да першага чэрвеня Кіеў і Мінск павінны ўзгадніць умовы транзіту венесуэльскай нафты ў Беларусь праз Украіну па магістральных трубаправодах, у прыватнасці па трубаправодзе «Адэса — Броды». Такое рашэнне было прынята 15 красавіка ў Кіеве на паседжанні міжурадавай украінска-беларускай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

У Венесуэле створаць Беларускі гандлёвы дом

26 красавіка ў сталіцу Венесуэлы Каракас прыбыла беларуская дэлегацыя на чале з міністрам гандлю Валянцінам Чаканавым. Мэта паездкі — канкрэтызацыя дамоўленасцяў аб стварэнні Беларускага гандлёвага дома. У рамках візіту плануецца сустрэча з міністрам гандлю Венесуэлы Рычардам Кананам.

У складзе дэлегацыі таксама генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Белрэсурсы» Аляксандр Сазановіч, перадае БелТА. У склад дзяржаўнага гандлёва-вытворчага аб’яднання «Белрэсурсы» ўваходзіць 23 прадпрыемствы гуртовага гандлю. За межамі Беларусі з удзелам «Белрэсурсаў» створана 11 беларускіх гандлёвых дамоў, у тым ліку сем — у Расіі, два — ва Ўкраіне і па адным — у Арменіі і Кыргызстане.

Как вам новость?
Головоломки