Тэракт у Мінску: у шпіталях застаюцца 155 пацярпелых

13.04.2011 11:41
Архив Редакция

Міністэрства аховы здароўя апублікавала дадзеныя аб колькасці пацярпелых у выніку тэракту ў мінскім метро 11 красавіка, які забраў жыцці 12 чалавек. Па стане на 19:00 12 красавіка ў лячэбных установах знаходзіліся 155 чалавекі. З іх: цяжкіх — 32, сярэдняй ступені цяжкасці — 83, лёгкай — 40, гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

«Усяго па медыцынскую дапамогу звярнулася 193 чалавекі, з іх шпіталізавана — 165. На працягу сённяшняга дня ў стацыянары паступіла сем чалавек. Дзевяць чалавек — выпісаны, у тым ліку дзіця 2009 года нараджэння», распавялі ў Міністэрстве аховы здароўя ўвечары 12 красавіка.

У ведамстве запэўнілі, што ўсе пацыенты атрымліваюць неабходную медыцынскую дапамогу ў поўным аб’ёме. «З мэтай паўнацэннага дынамічнага назірання за ўсімі пацярпелымі ў начны час у лякарнях ўзмоцнены брыгады дзяжурных урачоў. Ва ўсіх лячэбных установах ёсць дастатковы запас перавязачнага матэрыялу і медыкаментаў. Апроч гэтага, арганізавана кругласуткавае дзяжурства персаналу на аптэчных складах для аператыўнага папаўнення лякарняў неабходнымі лекавымі сродкамі», — распавялі ў Міністэрстве аховы здароўя.
 
«Забяспечваецца псіхалагічная падтрымка пацярпелых і іх блізкіх ва ўсіх установах аховы здароўя. Для атрымання інфармацыі аб стане пацярпелых працягваюць працу тэлефоны гарачай лініі», — праінфармавалі ў міністэрстве.

Як раней паведамляў Тэлеграф, выбух на станцыі «Кастрычніцкая» адбыўся ўвечары ў гадзіну пік. Агулам пацярпела больш за 200 чалавек. У МУС заявілі, што магутнасць выбуховага прыстасавання склала пяць-сем кілаграмаў у тратылавым эквіваленце. У Генпракуратуры раніцай 13 Красавіка паведамілі, што ўжо затрыманыя двое падазраваных у здзяйсненні тэракту, адзін з якіх з’яўляецца яго верагодным выканаўцам.

Как вам новость?
Головоломки