The Toobes і "Петля Пристрастия" выступяць на фэсце "Experty.by"

26.04.2010 11:19
Архив Редакция

14 траўня ў клубе "Рэактар" адбудзецца фестываль "Experty.by", у рамках якога ўпершыню на адной сцэне выступяць гурты The Toobes, "Петля Пристрастия", Port Mone і Nevma. Фэст з'яўляецца свайго роду працягам аднайменных  штогадовых узнагародаў па галасах вядучых беларускіх і замежных крытыкаў, вынікі якіх былі абвешчаны ў лютым

Яго мэта — прасоўванне калектываў, якія выпусцілі лепшыя дэбютныя альбомы па выніках мінулага года. Хэдлайнерам мерапрыемства будзе гурт The Toobes, чый альбом «Hello» стаў галоўным трыўмфатарам узнагародаў, атрымаўшы перамогу ў намінацыях «Лепшы дэбютны альбом», «Лепшы рок-альбом», «Прыз вялікага журы» і «Альбом года». У рамках выступу на фэсце The Toobes прэзентуюць канцэртны DVD, які павінен паступіць у продаж у траўні.

Таксама на фэсце  выступіць гурт Port Mone з альбомам «Dip» (пераможца ў намінацыі «Прыз замежных экспертаў») і «Петля Пристрастия» з альбомам «Всем доволен» (патрапіў у топ-10 «Вялікага журы»). Адкрые ж фэст магілёўскі гурт Nevma, чый альбом «Стихия слёз» патрапіў у топ-10 па версіі штатных экспертаў. 

«Гэта новае пакаленне беларускай рок-музыкі. Усе гурты зусім розныя, але пры гэтым сапраўды лепшыя з лепшых. Думаю, гэта практычна ўнікальны шанец убачыць іх паўнавартасныя выступы ў рамках аднаго канцэрту», — лічыць кіраўнік інтэрнэт-праекту «Experty.by» Дзмітры Безкаравайны.

Сайт «Experty.by» быў заснаваны ў 2008 годзе музычнымі журналістамі Дзмітрыем Падбярэзскім, Алегам Клімавым, Сяргеем Будкіным і Дзмітрыем Безкаравайным для сістэматычнага апісання запісаў беларускіх артыстаў. На сённяшні дзень у працы сайта ўдзельнічаюць яшчэ 8 вядомых беларускіх экспертаў, а ў падвядзенні вынікаў года таксама 5 замежных крытыкаў з краін, з якімі мяжуе Беларусь. За два гады аўтары сайту адрэцэнзавалі каля 150 беларускіх дыскаў.

Паслухаць запісы ўсіх удзельнікаў фэсту можна  на сайце www.experty.by. Набыць усе гэтыя дыскі можна ў крамах «Містэрыя Гуку».

Как вам новость?
Головоломки