ТНК-BP: Украіна павінна абараніць свае НПЗ ад Беларусі

02.03.2011 11:48
Архив Редакция

Урад Украіны павінен прыняць меры для абароны рынку краіны, у тым ліку ад дэмпінгавых паставак сыравіны з беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Пра гэта заявіў выканаўчы дырэктар адной з найбуйнейшых расійскіх нафтавых кампаній ТНК-ВР Герман Хан. Паводле яго слоў, на такія меры ўкраінскія ўлады павінны пайсці, каб стымуляваць інвестыцыі ў нафтаперапрацоўчую галіну краіны.

«Пакуль у нас намеціліся пазітыўныя тэндэнцыі ў разуменні кіраўніцтвам Украіны неабходнасці падтрымкі ўкраінскай нафтаперапрацоўкі, якая знаходзіцца ў стадыі стагнацыі і павольнага канання», — заявіў Герман Хан.

Выканаўчы дырэктар ТНК-ВР адзначыў, што на сённяшні дзень ва Украіне фактычна працуюць толькі два нафтаперапрацоўчыя заводы — Лісічанскі і Крэменчугскі. Між тым, абодва заводы, па словах прадстаўніка нафтавай кампаніі, недазагружаны праз дэмпінгавыя пастаўкі сыравіны з Беларусі, перадае РИА «Новости».

Герман Хан паведаміў, што напярэдадні сустракаўся з прэм’ер-міністрам Украіны Мікалаем Азаравым і віцэ-прэм’ерам Андрэем Клюевым. Выканаўчы дырэктар ТНК-ВР паведаміў, што ў кампаніі ёсць планы па інвестыцыях у свой нафтаперапрацоўчы завод ва Украіне, аднак у цяперашніх умовах яго рэалізацыя немагчымая. Герман Хан адзначыў, што ўжо пасля 15 сакавіка ТНК-ВР можа прыняць рашэнне аб спыненні Лісічанскага НПЗ, калі ўкраінскі ўрад не прыме належных мераў па абароне ўнутранага рынку нафтаперапрацоўкі.

«Калі меры не будуць прынятыя, у нас не будзе іншага выйсця, мы не можам генераваць страты», — заявіў Герман Хан.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у апошні час беларускія НПЗ абвінавачваюць у коштавым дэмпінгу ва Украіне, а пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў на рынак Украіны ў СМІ асвятляюцца аднабакова. Кіраўніцтва Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода абвергла інфармацыю аб тым, што на ўкраінскім рынку нафты і паліва створаны несправядлівыя ўмовы для канкурэнцыі. «Гутаркі аб коштавым дэмпінгу нафтапрадуктаў вытворчасці ААТ «Мазырскі НПЗ» на ўкраінскім рынку не маюць пад сабой падстаў», — заявілі ў беларускай кампаніі.

Как вам новость?
Головоломки