Топ-5 падзей тыдня ў Мінску

22.03.2010 11:16
Архив Редакция

Аргентынскія "бітлы", клубны "Сплин", эратычны трылер, "Чароўны трусік" і літаратурны хэві-метал.

Тэлеграф рэкамендуе, куды падасца ў Мінску на тыдні з 22 па 28 сакавіка.

1. Ад «Наталі» засталася толькі «Хлоя»

Галівуд нярэдка бярэцца за рымейкі ўдалых французскіх кінастужак. Гэтым разам прыйшла чарга вытанчанай меладрамы «Наталі», якая шэсць гадоў таму гасцявала і на мінскіх кінаэкранах. Зараз тая ж гісторыя расказана ў эратычным трылеры «Хлоя». І, што цешыць, абыйшлося без тыпова амерыканскай хадульнасці у падыходзе да рымейку. Рэжысёр фільма — мэтр аўтарскага кінематографа Атам Эгаян, а любоўны трыкутнік разгульвае высакакласнае акцёрскае трыа: Джуліяна Мур, Ліям Нісан і Аманда Сейфрыд.

Па сюжэце, Кэтрын — лекар, Дэвід — прафесар, у іх выдатны сын. На першы погляд, гэта ідэальная сям’я. Але аднойчы Дэвід спазняецца на самалёт і прапускае сямейную імпрэзу, прысвечаную яго дню нараджэння. З гэтага моманту Кэтрын пачынае падазраваць мужа ў здрадзе. Жанчына складае ўгоду з Хлояй, якая павінна спакусіць Дэвіда і падаць падрабязную справаздачу. Але з часам справаздачы становяцца ўсё больш сухімі, а сустрэчы дзвюх жанчын — усё больш частымі.

Калі: з чацвера 25 сакавіка
Дзе: кінатэатр «Беларусь»
Квіткі: ад 7 000 да 10 000

2. Бітламанія працягваецца

nube9.jpgНа працягу некалькіх апошніх гадоў фэст «Бітлз назаўжды» з’яўляўся адной з галоўных падзей музычнага сезону ў Беларусі. Злёт бітламанаў традыцыйна праходзіў на адкрытай пляцоўцы ў Лагойску і збіраў шматтысячную аўдыторыю. У 2009 годзе слоган «Бітлз назаўжды» быў пастаўлены пад сумнеў — фэст не праводзіўся. Затое ён вяртаецца на гэтым тыдні, прычым у новым клубным фармаце.

Хедлайнерам «Бітлз назаўжды 2010» стане аргентынскі гурт Nube 9, адна з самых вядомых трыб’ют-каманд, выканаўцаў музыкі «надзвычайнай чацвёркі». Гэты калектыў — сталы ўдзельнік услаўленага Міжнароднага тыдня The Beatles у Ліверпулі. Назва Nube 9 гурт узяў у гонар альбома Джорджа Харысана «Cloud 9» і менавіта песеннай спадчыне «ціхага бітла» надае падвышаную ўвагу. Спіс удзельнікаў цяперашняга фэсту дапоўняць масквічы «Dans Ramblers» і мінчукі «Flat».

Калі: серада 24 сакавіка а 18:00
Дзе: West World Club
Квіткі: 40 000

3. Урок літаратуры на канцэрце ў тэатры

лявон.jpgТворчая актыўнасць і песенная пладавітасць Лявона Вольскага не можа не ўражваць. Лідарства ў гуртах «N.R.M.» і «Крамбамбуля» ён здольвае спалучаць з разнастайнымі сольнымі праектамі. Новы твор Вольскага — альбом «Белая яблыня грому» на вершы класікаў беларускай літаратуры. У дыск уключаны 12 песень на вершы Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна.

Лявон Вольскі спадзяецца, што гэты праект дапаможа сучаснай публіцы нанова адкрыць для сябе творы ўсім вядомых паэтаў. У рамках альбома класічныя творы патрапілі ў разнастайны музычны кантэкст — ад рока і блюзу да рэпу і хэві-металу. Назву дыску даў верш Рыгора Барадуліна «Белая яблыня грому», і сам альбом ужо атрымаў высокую адзнаку паэта.

Калі: аўторак 23 сакавіка а 19:00
Дзе: тэатр імя Янкі Купалы
Квіткі: ад 10 000 да 80 000

4. Вясновы прыступ «Сплину»

cплин.jpgУслед за восеньскім аншлаговым выступам у Палацы Спорту «Сплин» нечакана дае ў сталіцы клубны канцэрт. Упершыню за апошнія гадоў дзесяць у мінчукоў з’явілася магчымасць паслухаць Аляксандра Васільева з камандай ў досыць камерным становішчы. «Дзякаваць» за гэта трэба крызіс, з-за якога нават топавыя рок-гурты больш ахвотна выязджаюць на гастролі.

У сутнасці «Сплин» працягвае тур у падтрымку альбома » Сигнал из космоса», які выйшаў мінулай восенню. Як і ўсе апошнія плыткі піцерцаў, дыск атрымаўся разнастайным і няроўным, але прызапасіў для слухача некалькі сапраўдных момантаў праўды. На канцэрце ў «Рэактары» музыкі відавочна ўключаць у сэт-ліст і хіты з папярэдніх альбомаў. Дарэчы, у дыскаграфіі «Сплину» налічваецца ўжо дзесяць нумарных рэлізаў.

Калі: пятніца 26 сакавіка а 19:00
Дзе: клуб «Рэактар»
Квіткі: ад 80 000 да 120 000

5. «Чароўны кролік» малюе крэйдай «сольнік»

юрий демидовид.jpgДля 13-гадовага мінчука Юрыя Дземідовіча школьныя вакацыі з нядаўніх часоў набылі адмысловую каштоўнасць. Менавіта ў паўзах паміж заняткамі юны выканавец дае сольныя канцэрты. На зімовых вакацыях ён выступаў у маскоўскім клубе «IKRA», на вясновых — дэбютуе з паўнавартасным канцэртам у Мінску. Па словах арганізатараў, выступ Юрыя ў «Графіці» падоўжыцца каля гадзіны. Будуць выкананы песні дэбютнага альбома спевака. У іх ліку творы на вершы японскіх паэтаў, класічныя песні і нумар памяці Каруза.

Незвычайная кампазіцыя «Чароўны кролік (трусік)», з якой Юра Дземідовіч нарабіў шмат шуму ў інтэрнэце і прадстаўляў Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні», дапамагла яму набыць масу прыхільнікаў. Многія, праўда, успрымаюць спевака вылучна як аб’ект для насмешак. Хочацца верыць, што юны выканаўца здолее пранесці свой неардынарны талент скрозь медныя трубы эпохі ют’юбу.

Калі: пятніца 26 сакавіка а 19:00
Дзе: паб-клуб «Графіці»
Квіткі: 29 000

Віктар Пазнякоў, Telegraf.by

Как вам новость?
Головоломки