Transparency International: у 2009 годзе 27% беларусаў давалі хабар

09.12.2010 13:52
Архив Редакция

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Transparency International апублікавала вынікі даследавання аб сітуацыі з карупцыяй у свеце. Паводле даследавання, 27% апытаных у Беларусі прызналіся, што за апошнія 12 месяцаў яны давалі хабар. Міжнародныя праваабаронцы канстатуюць павелічэнне ўзроўню карупцыі ва ўсім свеце.

Даследаванні паказалі, што большасць тых, хто даваў хабар (33%) не могуць растлумачыць прычыны гэтага ўчынку. Разам з тым 28% прызналіся, што хабар давалі для таго, каб паскорыць працэс рашэння таго ці іншага пытання, 21% — каб ім аказалі паслугу, а 12% — каб пазбегнуць праблемаў з уладамі.

Практычна палова беларусаў лічыць, што ўзровень карупцыі ў краіне за апошнія тры гады не змяніўся, у той час як 27% апытаных лічаць, што ён вырас, а 24% — наадварот, паменшыўся.

Transparency International: беларусы прызналі чыноўнікаў самымі карумпаванымі

Акрамя таго, міжнародныя аналітыкі ў ходзе даследавання вызначалі ўзровень карумпаванасці розных дзяржаўных інстытутаў. Рэспандэнтам прапаноўваўся гэты паказчык па шкале ад аднаго да пяці (адзін — не карумпаваны, 5 — вельмі высокі ўзровень карупцыі). Самымі карумпаванымі беларусы прызналі чыноўнікаў — іх узровень карупцыі рэспандэнты ацанілі ў 3,8 пункта.

Недалёка ад чыноўнікаў, на думку беларусаў, адышлі супрацоўнікі міліцыі (3,6 пункта) і суд (3,4 пункта). Далей у рэйтынгу ідуць палітычныя партыі, парламент, бізнэс-структуры, інстытуты адукацыі (па 3,2 пункта), СМІ (3,1 пункта), ваенныя структуры і няўрадавыя арганізацыі (2,9 пункта), рэлігійныя арганізацыі (2,2 пункта).

Характэрна, што каля 39% апытаных у Беларусі перакананыя, што нікому ў краіне нельга давяраць барацьбу з карупцыяй. У той жа час 35% беларусаў гатовыя даверыць гэта дзяржаўным чыноўнікам, 10% — СМІ, 8% — міжнародным арганізацыям, 5% — няўрадавым арганізацыям, 2% — бізнэс-структурам.

У ходзе даследавання, праведзенага ў чэрвені-верасні 2010 года, праваабаронцы апыталі больш за 91,5 тыс. чалавек у 86 краінах свету. Аналітыкі канстатавалі, што людзі па ўсім свеце прызнаюць рост карупцыі ў апошнія тры гады — пра гэта заяўляюць шасцёра з дзесяці апытаных. Горш за ўсё, паводле апытанняў, сітуацыя з карупцыяй у Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Тут пра рост карупцыі заявілі 73% і 67% адпаведна.

Как вам новость?
Головоломки